Вырабяць стэнды, пашыюць касцюмы
У вольны ад вучобы час у рамках часовай працоўнай занятасці моладзі на летніх канікулах плануецца працаўладкаваць у раёне больш за 100 вучняў школ. Грошы на гэта выдзяляюцца са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Першай установай, якая прыступіла да часовай працоўнай занятасці вучняў, стала Слабадская БШ. «З 2 мая ў нас працуюць шасцёра вучняў 8-9 класаў, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Слабадской школы Вольга Лосева. – Хлопцы і дзяўчаты высадзілі туі і кветкі на тэрыторыі школы, у бліжэйшы час мяркуюць пафарбаваць агароджу».
Узгадняюцца дакументы на часовую занятасць на перыяд летніх канікулаў 15 дзяцей СШ № 2. Тут мяркуюць пачаць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі да канца мая, будуць таксама вырабляць стэнды і замяняць дзвярныя замкі. «А яшчэ запланавалі пашыць сцэнічныя касцюмы Скамароха і Бабы Ягі, – падзялілася дырэктар школы Жанна Рагуновіч. – У нас ужо ёсць такі вопыт: летась шылі народныя касцюмы да Масленіцы. Працэсам шыцця ёсць каму кіраваць – у нас вопытны настаўнік працоўнага навучання Надзея Міхайлаўна Спірыдонава. Касцюмы казачных персанажаў заўжды патрэбны школе, купіць іх дорага, а самім пашыць падчас часовай занятасці вучняў выгадна».
У першай палове чэрвеня работы па часовай занятасці мяркуюць рас-пачаць у самай вялікай школе раёна – СШ № 1 г. п. Шуміліна. Тут будуць працаўладкаваны 58 старшакласнікаў.
«Акрамя звычайнага добраўпарадкавання, мяркуем вырабляць тратуарную плітку для ўласных патрэб, – расказала дырэктар школы Вольга Далецкая. – Для групы падоўжанага дня будзем шыць наматраснікі, для дзіцячага сада № 3 – пакрывалы. Яшчэ ў планах – рамонт сталоў і стулаў».
Акрамя названых устаноў адукацыі, летам будзе арганізавана часовая занятасць школьнікаў у Мікі-ціхінскай, Обальскай і Кардонскай сярэдніх школах, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сямагіна. У Мікіціхінскай СШ плануюць шыць пакрывалы і занавескі, займацца навядзеннем парадку ля школы. У Обальскай і Кардонскай школах будуць вырабляць стэнды і займацца добраўпарадкаваннем тэрыторый.
За час часовай летняй занятасці старшакласнікі зробяць шмат карысных спраў для сваіх школ, навучацца рамантаваць, фарбаваць, сад-жаць кветкі. А самае прыемнае для дзяцей – заробяць свае ўласныя грошы. Для многіх яны будуць першымі ў жыцці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.