В Шумилинской СШ №1 открылся обновлённый музей школы

100 лет Шумилинскому району Край шумілінскі Образование Общество

Гістарычныя вехі, жыцці і лёсы

18 мая ў СШ № 1 г. п. Шуміліна адбылося ўрачыстае адкрыццё школьнага музея, на якое запрасілі раённае кіраўніцтва, ветэранаў педагагічнай працы, спецыялістаў аддзела па адукацыі райвыканкама, былых вучняў школы.

Мерапрыемства было арганізавана ў цікавай форме – усе прысутныя на хуткім “цягніку” ехалі ад станцыі да станцыі, робячы некалькі прыпынкаў. На станцыі «Патрыятычная» на пляцоўцы перад школай удзельнікі спартыўна-патрыятычных гульняў «Зарніца» і «Зарнічка» прадэманстравалі навыкі страявой падрыхтоўкі, парадавалі гасцей сваёй творчасцю. Уразіла выступленне ўдзельнікаў 15-га адкрытага гарадскога фестывалю строю і песні «Пераможныя маршы» ў горадзе Наваполацку. Тым часам “цягнік” прыбліжаўся да наступнай станцыі – «Крыніца гісторыі». Перад прысутнымі ля музея школы выступіла яго кіраўнік Святлана Емяльянава.

Яна расказала, што музей быў адкрыт у 1990 годзе, але гісторыя яго стварэння бярэ свой пачатак у далёкім 1962-1963 навучальным годзе, калі пад кіраўніцтвам старшай піянерважатай Марыі Кавалёвай і вучнямі была наладжана сувязь з роднымі былога вучня школы Пятра Акуцыёнка. Ён вучыўся ў школе з 1931 па 1939 гады, а пры фарсіраванні Дняпра ў час Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаўся і загінуў, за што быў пасмяротна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Дзякуючы праведзенай вышуковай рабоце 23 лютага 1963 года ў школе быў адкрыты куток у гонар героя-земляка. 21 верасня 1964 года школе было прысвоена званне імя Героя Савецкага Саюза Пятра Антонавіча Акуцыёнка. З таго часу ў кутку баявой славы праводзілася актыўная работа па патрыятычным выхаванні вучняў.

А ў 1984 годзе быў створаны і пачаў сваю работу клуб «Пошук» пад кіраўніцтвам настаўніцы Галіны Марозавай – збіралі матэрыялы пра жыццё і подзвіг Пятра Акуцыёнка. Менавіта тады з’явілася мара – стварыць музей гісторыі школы. Ідэю падтрымаў дырэктар Міхаіл Сямёнаў – і пачалася карпатлівая і напружаная работа. Сістэматызавалі матэрыялы, вызначылі раздзелы экспазіцыі, і ў маі 1990 года быў адкрыты музей. Пад кіраўніцтвам настаўніцы Раісы Рачкоўскай вучні правод-зілі экскурсіі, афармлялі выставы.

У 2021 годзе завяршыўся капітальны рамонт школы, змены адбыліся і ў музеі. Сёння ён сучасны, аснашчаны тэлевізарам і праектарам, тут могуць мяняцца экс-пазіцыйныя стэнды. Музей багаты на гісторыю і з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання. Ён адкрывае новую старонку гісторыі – цікавую, насычаную яркімі сустрэчамі і мерапрыемствамі.

Вучні школы расказалі пра многіх знакамітых землякоў, а госці маглі пазнаёміцца з экспазіцыямі. Экскурс у гісторыю зрабіла былая піянерважатая школы Марыя Кавалёва.

Цягнік гісторыі завяршыў свой маршрут на станцыі «Піянерская». Ва ўрачыстай абстаноўцы 85 акцябрат былы прыняты ў піянеры. У актавай зале школы гучала ўрачыстае «Заўжды гатовы!». Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава пажадала піянерам быць лепшымі і першымі, моцнымі і смелымі, дапамагаць слабейшым, паважаць старэйшых, праслаўляць раён добрай вучобай, творчасцю і спортам.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *