Доска почёта Шумилинского района: тренер Пётр Ганущенко

2024 - Год качества Общество Спорт, туризм

Грэка-рымская барацьба: класіка жыцця

Пётр Ганущенко со своими воспитанниками …….арсением Лосевым и Тимофеем Карасёвым.

У гарадскім пасёлку Обаль асоба трэнера Пятра ГАНУШЧАНКІ легендарная. Менавіта дзякуючы яму ў 1981 годзе ў мястэчку пачала працаваць секцыя пра грэка-рымскай барацьбе, праз якую прайшло не адно пакаленне абальчан. Ужо не адно дзесяцігоддзе грэка-рымская барацьба – спорт нумар адзін у Обалі. Пётр Васільевіч выхаваў 14 майстроў спорту і больш за 60 кандыдатаў у майстры спорту. Яго выхаванцы – неаднаразовыя чэмпіёны Беларусі, прызёры і пераможцы міжнародных стартаў. За мінулагоднія гучныя і значныя поспехі выхаванцаў у абласных і рэспубліканскіх першынствах прозвішча трэнера-выкладчыка Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Пятра Васільевіча Ганушчанкі занесена на раённую Дошку гонару.

У грэка-рымскую барацьбу Пётр Ганушчанка прыйшоў даволі позна, але прыйшоў раз і назаўсёды. «У майго дзядзькі быў знаёмы трэнер Аляксей Лубянец, – успамінае Пётр Васільевіч. – Пасля арміі пайшоў да яго трэніравацца. На той час я жыў у Віцебску. Пасля таго, як Аляксей Лубянец пераехаў у іншы горад, пачаў трэніравацца ў Рэваза Гігауры». Спартсмен Пётр Ганушчанка вялікіх поспехаў не дасягнуў, але без барацьбы жыць ужо не мог. Відаць, таму і паступіў завочна ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры.

Усё ў жыцці памянялася ў 1981 годзе пасля адной сустрэчы на малой радзіме, у Обалі, з дырэктарам мясцовай школы А. М. Штокіным. Аляксандр Мікалаевіч выслухаў доўгі маналог Пятра пра яго захапленне барацьбой і коратка сказаў: «Ідзі працаваць у нашу школу, адкрыеш і секцыю грэка-рымскай барацьбы».

Пётр Ганушчанка вярнуўся ў Обаль, і з 1 верасня пачаў працаваць настаўнікам ваеннай падрыхтоўкі. У гэты дзень адкрылася і секцыя барацьбы. Аляксандр Штокін пазней яшчэ раз адыграў важную ролю ў лёсе трэнера: прымусіў паступаць у Віцебскі педагагічны інстытут.

«Вялікі дзякуй, Аляксандр Мікалаевіч, – кажа зараз Пётр Ганушчанка. – Сёння цудоўна разумею, што без вас я не змог бы стаць сапраўдным трэнерам».

Хлопцы літаральна пабеглі ў секцыю да маладога трэнера. Спачатку не хапала тэарэтычнай базы – дапамагаў Рэваз Гігауры і метадычкі, кнігі пра барацьбу.

Дарэчы, чытаннем Пётр Ганушчанка захоплены з дзяцінства. З юнацтва захопле-ны гістарычнымі раманамі і фантастыкай. Любімыя аўтары Уілбур Сміт і Генрык Сянкевіч, Рой Брэдберы і Джо Аберкромбі.

Працуючы ў школе, Пётр Васільевіч захапіўся футболам і баскетболам, настольным тэнісам і паўэрліфцінгам. Прычым, гэтыя захапленні перадаваў і вучням. Ён і зараз з задавальненнем гуляе ў баскетбол, а ў настольным тэнісе дасць бой прафесіяналам. Дарэчы, Пётр Ганушчанка – шматразовы пераможца раённых турніраў па настольным тэнісе.

Але ўсё ж галоўным для Пятра Ганушчанкі была і ёсць грэка-рымская барацьба. Для трэнера важна ўбачыць выхаванца, падтрымаць і развіваць яго. Калегі па трэнерскім цэху кажуць, што Пётр Васільевіч – цудоўны псіхолаг і бліскучы тактык, які можа падвесці свайго выхаванца пад самыя высокія вынікі.

– Не, як трэнер я яшчэ поўнасцю не рэалізаваўся. Сапраўды, ёсць неаднаразовыя чэмпіёны вобласці і Беларусі. Але гэтага мала. Мару, каб мой выхаванец выйграў чэмпіянат свету ці Алімпійскія гульні,– падсумоўвае Пётр Ганушчанка. – На Обальшчыне ёсць барцы, якія могуць гэта зрабіць. Зараз у складзе зборнай Беларусі выступае ў Грэцыі на першынстве Еўропы сярод школьнікаў Яўген Ліпчанка, падрастаюць Данііл Кляцкоў і Ягор Барсукоў. Яны вельмі таленавітыя і працалюбівыя. І кожны з іх можа стаць чэмпіёнам свету ці Алімпійскіх гульняў. Усё, што ў маіх сілах, я ім дам.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *