Вымпел «За мужество и стойкость в годы Великой Отечественной войны был передан городскому посёлку Оболь в День Победы

80 лет освобождения Беларуси Беларусь помніць Общество

Гордыя сцягі для асаблівых гарадоў

7 мая ў Мінску ў Палацы Рэспублікі адбылася знамянальная падзея. Падчас урачыстасцяў з нагоды Дня Перамогі, аддаючы даніну павагі баявому і працоўнаму подзвігу суайчыннікаў у гады вайны, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў вымпелам «3а мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» беларускія населеныя пункты, якія найбольш самааддана праявілі сябе ў барацьбе з ворагам. Вымпелаў удастоены дзевяць населеных пунктаў краіны: гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль Шумілінскага раёна і Асвея Верхнядзвінскага раёна. Адпаведныя ганаровыя граматы ён уручыў старшыням гаррайвыканкамаў.
Узнагароду для Обалі прыняў кіраўнік раёна  Сяргей Галынчык. Для ўдзелу ва ўрачыстасцях была запрошана дэлегацыя раёна.

9 мая на святочным мітынгу ў Шуміліне старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык перадаў ганаровую грамату і вымпел старшыні Обальскага сельвыканкама Сяргею Мураўёву.
У гэты ж дзень падчас святочных урачыстасцяў у Обалі вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» быў перададзены адрасату. 9 мая 2024 года стане для гарадскога пасёлка Обаль гістарычнай падзеяй.

 

«Гарадскі пасёлак Обаль – дастойны прыклад баявога і працоўнага подзвігу, усенароднага супраціўлення, праяўленага ў гады вайны, –– звярнуўся да прысутных на мітынгу, які прайшоў на воінскіх пахаваннях, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. –– Ліхалецце той вайны навучыла нас берагчы мір, змагацца за яго, супрацьстаяць тым, хто нясе яму пагрозу. У гісторыі нашай краіны Дзень Перамогі асаблівы – самае важнае і дарагое свята».

Праславіла Обальшчыну і зрабіла яе назаўжды гераічнай, адважнай і бясстрашнай камсамольска-маладзёжная арганізацыя «Юныя мсціўцы». 38 юнакоў і дзяўчат на чале з Ефрасінняй Зяньковай днём і ноччу – 605 дзён – вялі барацьбу з акупантамі, чынілі дыверсіі, распаўсюджвалі лістоўкі, скідвалі цягнікі з рэек, наносячы тым самым непапраўны ўрон. На жаль, летам 1943 года з дапамогай правакатара фашысты напалі на след арганізацыі. Перад расстрэлам маладых падпольшчыкаў жорстка катавалі, але яны трымаліся стойка да канца. Яны не дажылі да Перамогі, але наблізілі яе дзень.

Пасля вайны памяць пра іх увекавечылі: Обальская сярэдняя школа з 1964 года носіць імя самай маладой удзельніцы падполля – Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай, у гарадскім пасёлку ўстаноўлены помнік юным падпольшчыкам, іх імёнамі названы вуліцы. Цяпер пасёлак заслужана атрымаў дзяржаўную ўзнагароду і вымпел. Горды сцяг для асаблівага пасёлка.

Старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў павіншаваў землякоў з Днём Перамогі і перадаў грамату і вымпел загадчыку музея Обальскага камсамольскага падполля Юрыю Хаданёнку. Перад тым, як узнагарода ўрачыста трапіла ў музей на захоўванне, настаяцель храма Ануфрыя Вялікага Уладзімір Пучынскі асвяціў вымпел.

Алена КАРПУШЭНКА.

Усяго ў Беларусі вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» ўзнагароджаны 36 населеных пунктаў, з іх 10 – у Віцебскай вобласці (Асвея, Бягомль, Віцебск, Лепель, Обаль, Орша, Полацк, Расоны, Сураж, Ушачы).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *