ІНФАРМАЦЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНЫ ПРАЕКТ «ГЕРОІ І ПОДЗВІГІ»
За подзвігі ў Вялікай Айчыннай вайне ганаровага звання Герой Савецкага Саюза былі ўдастоены каля 12000 чалавек, у іх ліку 3051 пасмяротна. Сярод іх – 13 воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1944 года за мір і свабоду Шумілінскай зямлі і пахаваны на яе тэрыторыі.
Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей і рэдакцыя газеты «Герой працы» вырашылі рэалізаваць на старонках газеты сумесны інфармацыйна-патрыятычны праект «Героі і подзвігі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, – расказаць пра кожнага Героя Савецкага Саюза, чыё імя ўпісана ў слаўную гісторыю Шуміліншчыны.
Доблесны афіцэр Мікалай Конанаў
Мікалай Іванавіч Конанаў нарадзіўся 3.12.1911 г. у в. Косціна (цяпер Парфеньеўскага раёна) Кастрамской вобласці Расіі ў сям’і сялян. У 1920-1924 гг. вучыўся ў няпоўнай сярэдняй школе, затым пра-цаваў у сельскай гаспадарцы. З 1930 па 1931 год цяслярыў у Горкаўскай вобласці на «Бумстроі». А з 1931 года пасля пераезду бацькі ў Мурманск пераехаў да яго і прадоўжыў працаваць цесляром у «Мурпішчабудзе» да 1932 г. У 1932-1933 гг. працаваў у калгасе, адкуль быў прызваны ў РСЧА, служыў у войсках НКУС. У 1934 г. залічаны ў палкавую школу, пасля яе заканчэння М. І. Конанаву было прысвоена званне малодшага камандзіра. У 1936 г. дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Мурманск, дзе працаваў старшым бракоўшчыкам, загадчыкам склада гатовай прадукцыі Мурманскага рыбакамбіната. У снежні 1937 г. быў накіраваны ў Ленінградскую прававую школу, якую скончыў у 1938 г. з прысваеннем звання народнага суддзі. Згодна з выпіскай з пратакола № 54 пасяджэння бюро абкама ВКП(б) ад 9.06.1939 г. Конанаў Мікалай Іванавіч быў зацверджаны народным суддзёй 7-га ўчастка г. Мурманска. У перыяд з 25.09. 1939 г. па 17.08.1941 г. працаваў у УНКУС па Мурманскай вобласці следчым.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Іванавіч зноў быў прызваны ў Чырвоную Армію. З лістапада 1941 г. удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Двойчы быў паранены. У 1943 г. скончыў курсы малодшых лейтэнантаў і атрымаў прызначэнне камандзіра кулямётнага ўзвода 213-га гвардзейскага стралковага палка.
Летам 1944 г. 71-я гвардзейская стралковая дывізія, у якой служыў гвардыі малодшы лейтэнант Мікалай Іванавіч Конанаў, у складзе войскаў 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвала абарону праціўніка на так званым Беларускім выступе. 22-23 чэрвеня 1944 г. у баях на подступах да Віцебска гвардыі малодшы лейтэнант Конанаў М. І. арганізаваў баявую работу ўзвода. Кулямётчыкі пад яго камандаваннем аказалі эфектыўную агнявую падтрымку надыходзячым падраздзяленням. У раёне в. Арэхі і станцыі Шуміліна ён асабіста здушыў тры агнявыя кропкі праціўніка і знішчыў да 20 гітлераўцаў. 24 чэрвеня на чале ўзвода адным з першых у палку пераадолеў раку Заходняя Дзвіна і тут жа завязаў бой з гітлераўцамі. Камандзір удала размясціў кулямётныя разлікі, умела арганізаваў абарону захопленага плацдарма. Ён асабіста са станковага кулямёта адбіў разлютава-ную контратаку праціўніка. Падчас гэтага бою Конанаў М. І. паў смерцю адважных.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24.03.1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захоп-нікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі малодшаму лейтэнанту Мікалаю Іванавічу Конанаву пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Мікалай Іванавіч таксама быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі.
М. І. Конанаў быў пахаваны на месцы бою. У 1954 годзе ў дні 10-годдзя вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў быў перапахаваны ў брацкую магілу ў в. Заграмадзіна Бешанковіцкага (цяпер Шумілінскага) раёна.
На магіле ўсталяваны помнік (фота на 1-й стар.), сярод імёнаў выбіта імя Героя Савецкага Саюза М. І. Конанава У 1966 г. у памяцьаб доблесным афіцэры быў названы рыбалоўны траўлер – БМРТ 422 «Мікалай Кона-наў», які працаваў да 1994 г. У цяперашні час у Мурманску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя М. І. Конанаву: на будынку кадэцкай школы і на доме, дзе жыў герой. Адзін з праездаў у абласным горадзеназваны яго імем. 12 чэрвеня 2023 г. у Мурманску адкрыты бюст Героя Савецкага Саюза Мікалая Іванавіча Конанава.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.