И вновь разговор о шумилинском футболе: спорим, анализируем, предлагаем

Общество Спорт, туризм

Зноў афсайд. Шумілінскі футбол
У апошнім туры першага круга чэмпіянату вобласці па футболе ФК “Шуміліна” дома прайграў арэхаўскаму “БелГРЭСу” з лікам 1:6. Сёння такі лік нікога ўжо не здзіўляе, многія прывыклі да такіх разгромных сустрэч шумілінскіх футбалістаў. Футбольныя “фанаты” даўно не пытаюцца і пра месца ў турнірнай табліцы: апошняе ці перадапошняе месца – як кажуць, якая розніца? Што адбываецца з нашым футболам, ці ёсць нейкія перспектывы? А можа, лепш усё ж зняцца з чэмпіянату, каб не абнеслаўляцца? У такім ключы карэспандэнт раёнкі размаўляў з зацікаўленымі асобамі.
Аляксандр ХОДЗЮШ, былы трэнер ФК “Шуміліна”:
– Камандзе яўна не стае агульнафізічнай падрыхтоўкі, адсюль шмат браку. Мала хто з футбалістаў сур’ёзна адносіцца да гульні. Трэніроўкі былі, але не ўсе футбалісты прыходзілі, а калі былі, то працавалі як мокрае гарыць. Каманда без характару, жорстка згуляць не можа. Ды і легіянеры з Віцебска не апраўдваюць надзей. На мой погляд, гуляць на першыстве вобласці няма сэнсу. Лепш было б заявіцца  на чэмпіянат вобласці сярод юнакоў 1997-1998 г.н.
Максім РУСЕЦКІ, абаронца ФК “Шуміліна”:
– Футбол – гульня, дзе ўсё залежыць ад хуткасці і тэхнікі. Кожны з каманды павінен выкладвацца на ўсе сто, а не адбываць нумар на полі. І яшчэ, важна выпрацоўваць псіхалогію пераможцы.
Дзмітрый БАЙДАКОЎ, абаронца ФК “Шуміліна”:
– Каманда падышла да чэмпіянату ў добрай форме, сабраліся лепшыя ў камандзе. Чаму такое дрэннае выступленне? Лічу, гэта трэнерскія хібы, у ігракоў няма пастаянных  пазіцый: сёння ты абаронца, заўтра – паўабаронца, а потым – нападаючы. У выніку ніхто не ведае, што рабіць на полі. Лідары каманды не іграюць, ды яшчэ некаторыя вялікімі “зоркамі” сталі, няма здаровай спартыўнай канкурэнцыі. Камандзе неабходны нармальны трэнер. З усяго гэтага і склалася такая сітуацыя. Удзельнічаць у чэмпіянаце патрэбна, бо гэта развівае наш футбол.
Сяргей ПАЛЯЧАНКОЎ, ветэран шумілінскага футболу:
– Трэба ламаць існуючую сістэму. Што робяць легіянеры ў камандзе? Яны павінны рабіць гульню, а нашы мясцовыя набірацца ад іх вопыту, павышаць клас. А ў нас што? Роўныя сярод роўных, слабыя сярод слабых.  Адназначна, у такім выглядзе, як цяпер, удзельнічаць у чэмпіянаце не трэба. А калі ўдзель-нічаць – запрасіць пару нармальных футбалістаў з горада і рабіць вынік. А там і мясцовыя падцягнуцца.
Юрый РАЦКУН, легіянер ФК “Шуміліна”, паўабаронца:
– Сорамна за вынікі. Няма нармальнай трэнерскай рукі, праблемныя пазіцыі. Цяжка сказаць, ці ёсць будучыня ў нашай каманды. Сітуацыю хіба што зможа змяніць Аляксандр Янкевіч. У яго і аўтарытэт ёсць, і праблемы нашы ведае. Але яму неабходна хаця б на час матчаў быць для ігракоў не Сашай, а Аляксандрам Сяргеевічам. Асабіста дапамагу знайсці двух новых легіянераў на праблемныя месцы – галкіпера і абаронцы. Каб захаваць шумілінскі футбол, патрэбны непапулярныя меры.
Аляксандр ЯНКЕВІЧ, капітан  ФК “Шуміліна”:
– Пакуль што пытанняў больш, чым адказаў. Мне цяжка зразумець некаторых футбалістаў, у каго шмат слоў і мала справы, незразумелыя крыўды. Выходзь на поле і даказвай. Мяняць трэба ўсё: ад трэніроўкі да гульні. Неабходна разбірацца з легіянерамі… Ці павінны мы гуляць на чэмпіянаце вобласці? Пытанне для мяне балючае, хаця яно просіцца даўно. Не ведаю. Ведаю адно: хопіць смяшыць людзей. Неабходна рэанімаваць каманду падчас перапынку ў чэмпіянаце. Другі круг пакажа далейшы лёс ФК “Шуміліна”.
Сяргей КАРЖУЕЎ, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама:
– Зноў правал. Каманда гэтым саставам гуляе далёка не першы год. Нашы футбалісты знаходзяць сто прычын правалу. А каб выйсці на поле і аддаць усе сілы гульні, сціснуць зубы і даказаць, што мы лепш, чым сапернікі – гэтага няма. Няўжо самім ігракам не сорамна за такія вынікі? Хопіць грошы выкідваць на вецер. Зразумела, што гэты сезон будзе дагуляны. І калі змяненняў у гульні і ў адносінах у гульні не адбудзецца, то ў наступным сезоне ФК “Шуміліна” будзе гуляць у новым саставе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *