Салдат служыць там, дзе патрэбна Радзіме
Сёння, як і кожны год 26 красавіка, Пётр Іванавіч Данькоў з Добрына згадвае той далёкі 1986 год, калі на Чарнобыльскай АЭС здарылася аварыя. Пётр Данькоў там не жыў, але з гомельскімі мясцінамі яго звязаў лёс – на працягу паўгода ліквідаваў наступствы чарнобыльскай катастрофы на беларускай зямлі.
Пётр Данькоў усё жыццё жыве ў Добрыне. Тут у саўгасе імя Кароткіна сорак гадоў адпрацаваў электрыкам. Калі летам 1986 года выклікалі на ваенныя зборы і аб’явілі, што трэба ехаць на Гомельшчыну, гэта не было ў навіну – у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі прымалі ўдзел многія. «Наш полк стаяў у Хойніках. Гэта была зона адсялення, – згадвае Пётр Іванавіч. – Мяне вельмі здзівіла пустэча вакол, у навакольных вёсках – ні душы. Нам выдалі камбінезоны, рэспіратары, у якіх мы і працавалі першыя некалькі тыдняў. Але ў рэспіратарах было нязручна, і праз месяц некаторыя асмялелі, сталі працаваць без іх. Зняў і я рэспіратар – малады ж быў, усяго 33 гады за плячыма. Толькі паспеў ажаніцца, як забралі на зборы. Думаў, паветра не мае ніякага паху, значыць, бясшкодна. Праблемы са здароўем пачаліся пазней».
Пётр Данькоў разам з іншымі разбіраў пакінутыя дамы ў Хойніках, Брагіне і вёсках навокал. Бярвёны, дошкі, шыфер, агароджы грузілі на «Уралы» і вывозілі. Працавалі мужчыны і з рыдлёўкамі – здымалі некалькі сантыметраў заражанай радыяцыяй глебы і закідвалі на коўш пагрузчыка. Гружаныя машыны накіроўваліся кудысьці за лес. «Вадзіцелі расказвалі, што праз пару месяцаў сосны і елкі, каля якіх згружалі зямлю, ужо стаялі жоўтымі, – згадвае ліквідатар. – І ад гэтага нам станавілася неяк не па сабе. Увогуле мы адчулі небяспеку толькі тады, калі пачалі вымяраць узровень радыяцыі глебы – дазіметр зашкальваў».
Праз некаторы час полк, дзе праходзіў зборы Пётр Данькоў, быў пераведзены ў Свяцілавічы. У гэтым населеным пункце людзі жылі. Каб знізіць радыяцыю, зноў жа, прыбіралі верхні слой глебы. Пятра здзівіла, што многія хаты былі крытыя саломай. Салдаты здымалі і вывозілі саламяныя дахі. Ім казалі, што салома ўсмоктвае ў сябе радыяцыю, таму дахі перакрывалі шыферам.
Падчас збораў Пятру Данькову як удзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС уручылі Падзяку “за мужнасць і ўзорнае выкананне патрыятычнага доўгу перад Радзімай”, падпісаную камандзірам вайсковай часці № 07288 А. Бабокіным. А ў ваенным білеце быў зроблены запіс, што П. Данькоў быў ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мае апраменьванне радыеактыўнымі рэчывамі.
Пасля ваенных збораў Пётр Данькоў вярнуўся ў Добрына да сям’і, пайшоў працаваць у мясцовы саўгас. А зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Пра работу на Гомельшчыне згадвае неахвотна, бо не лічыць гэта геройствам, кажа, што салдат служыць там, дзе патрэбна Радзіме.
Ларыса ЗАЙЦАВА.