Месячник по благоустройсту и наведению порядка продолжается. Что показал рейд по населённым пунктам района

Новости Экология

На беразе ручая – тры звалкі

Тэма добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі востра паўстае на парадак дня з прыходам вясны. Сёлета нам пашчасціла на раннюю вясну, калі ў сакавіку мы мелі магчымасць выйсці на першы суботнік і пачаць прыбірацца на падворках і замацаваных тэрыторыях. Увесь красавік у нашым раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Наколькі актыўна жыхары раёна ўзяліся за справу, і мелі на мэце паглядзець галоўны раённы эколаг-начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч і журналіст раённай газеты, адпраўляючыся ў рэйд па населеных пунктах Лескавічы, Башні, Язвіна.

Прыватныя домаўладанні, землі агульнага карыстання, фермы. Дзе толькі не сочаць за парадкам спецыялісты! Першая на маршруце ферма Лескавічы – і першы сметнік якраз побач з фермай.  Праз некалькі дзясяткаў метраў – яшчэ адзін, свежанькі, па змесціву няцяжка здагадацца, што вывозілі ў асноўным з гэтай жа фермы.

Засмуціла, што ў аграгарадку Башні многія гаспадары яшчэ не выходзілі на генеральную ўборку. Не лепшы выгляд мае ферма Башні з горамі невывезенага гною. Наогул на тэрыторыі няма парадку. Суботніка тут не было адназначна.

Па дарозе на Язвіна на абочынах прыкмячаем смецце. Відаць, не дайшлі рукі да ўсіх аб’ектаў і ў дарожнікаў, заўважае Г. М. Кісялевіч.  Ферма Язвіна таксама не можа пахваліцца парадкам. Загадчыца абяцае ў самы бліжэйшы час прыбраць тэрыторыю, дагэтуль не было калі, выводзілі гурт на пашавае ўтрыманне.

«Стыхійныя звалкі – самы распаўсюджаны і танны спосаб пазбавіцца ад смецця, – канстатуе раённы эколаг. – Змагаемся мы з імі не адзін год, і прыбрана іх нямала, аднак яны, як грыбы пасля дажджу, усё роўна растуць, растуць там, дзе ў людзей адсутнічаюць сорам, пачуццё адказнасці і любові да сваёй радзімы». Вось і на беразе ручая каля фермы нас сустрэла карціна алеем – тры несанкцыянаваныя сметнікі. У Язвіне двойчы на тыдзень наладжаны збор смецця смеццявозам, абураецца Генадзь Кісялевіч. Звалкі несвядомыя жыхары ўтварылі на землях агульнага карыстання ці сельгаспрадпрыемства, і прыбіраць іх прыйдзецца сельсавету ці «АграБаравінцы». А тыя, хто нарабіў такую шкоду, не думаюць, што пахаванне смецця патрабуе немалых фінансавых выдаткаў, прыцягненне тэхнікі і людзей.

На зваротным шляху заехалі і на самыя вялікія могілкі – Крупчанскія. Нягледзячы на тое, што тут устаноўлены стацыянарныя кантэйнеры, па-ранейшаму знаходзіцца нямала аматараў выкінуць смецце літаральна пад ногі. Роў перад чыгункай, як заўжды, засмечаны…

І як дамовіцца больш не смеціць? Няўжо толькі штрафы дапамогуць?

Па словах Г. М. Кісялевіча, па выніках рэйду ўласнікам выдадзены прадпісанні з вызначанымі тэрмінамі ліквідацыі парушэнняў. Па іх заканчэнні чакаецца паўторны аб’езд. Не будзе паляпшэнняў – вінаватыя будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Алена КАРПУШЭНКА.

Трэба ведаць!
Якія штрафы прадугледжаны за несанкцыянаваныя звалкі?

На фізічную асобу – да 30 БВ,на ІП – да 100 БВ, на юрыдычную асобу – да 1000 БВ.
Акрамя гэтага, налічваецца ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю адходамі. У прыватнасці, нядаўна аднаму з прадпрыемстваў было налічана больш за 18 тысяч рублёў шкоды.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *