Першыя крокі станаўлення. З кнігі “ПАМЯТЬ. Историко-документальная хроника Шумилинского района”.
У 1924 годзе ў складзе Віцебскай акругі быў створаны Сіроцінскі раён з цэнтрам у мястэчку Шуміліна. На тэрыторыі раёна ўтвораны 12 сельсаветаў: Ровенскі, Казьянскі, Мішневіцкі, Спаскі, Сіроцінскі, Жаробыцкі, Шумілінскі, Лаўжанскі, Дабейскі, Пагарэліцкі, Амбросавіцкі, Валатоўскі (заўвага рэдакцыі – на сучаснай тэрыторыі раёна яшчэ былі Каўлякоўскі і Навікоўскі сельсаветы Бешанковіцкага раёна, Обальскі, Клётчанскі, Баранькаўскі і Мішкавіцкі сельсаветы Ульскага раёна).
Агульная тэрыторыя раёна складала 1200 квадратных кіламетраў. У 582 населеных пунктах, аб’яднаўшых 8115 асобных гаспадарак, пражывала 45 397 чалавек, з іх у вёсках – 43 636 і мястэчках – 1761.
11 жніўня 1924 года рашэннем Віцебскага акруговага камітэта КП(б)Б у Сіроцінскім раёне ўтворана часовае парт-бюро, якое ўзначаліла падрыхтоўчыя і арганізацыйныя работы па стварэнні райвыканкама і сельсаветаў. На першым пасяджэнні Сіроцінскага райвыканкама былі размеркаваны абавязкі паміж яго членамі і зацверджаны кіруючыя работнікі сельсаветаў. Першым старшынёй райвыканкама стаў Ф. С. Шляхтуноў. У снежні 1924 года адбыўся 1-ы раённы з’езд Саветаў.
24 жніўня 1924 года адбыўся першы сход камуністаў Сіроцінскай партарганізацыі. Да гэтага часу яна складалася з 25 членаў і 3 кандыдатаў; працавалі Шумілінская, Лаўжанская, Мішневіцкая і Каменеўская партячэйкі. На гэтым сходзе быў абраны раённы камітэт партыі. Яго сакратаром стаў Г. А. Хіжнікаў.
У раёне дзейнічалі 7 камсамольскіх ячэек, якія налічвалі 132 чалавекі. 219 членаў уваходзілі ў склад раённай прафсаюзнай арганізацыі. У Шуміліне і Сіроціне былі арганізаваны першыя піянерскія атрады…
На момант стварэння раёна на яго тэрыторыі меліся 7 спажывецкіх кааперацый, 5 арцелей, 2 камуны, 3 чыгуначныя станцыі, 4 паштовыя аддзяленні, 3 хаты-чытальні (у Лоўшы, Дабеі, Мішневі-чах), Народны дом (у Шуміліне), бальніца, 2 урачэбныя і 1 фельчарска-акушэрскі пункт, 47 школ, з якіх адна была сямігадовай. У школах працавалі 67 настаўнікаў.
Утварэнне раёна садзейнічала росту палітычнай і грамадскай актыўнасці працоўных Шуміліншчыны. У справаздачы Сіроцінскага райвыкнакама прэзідыума Віцебскага акрвыканкама ад 2 верасня 1924 года адзначалася, што “насельніцтва страшна цікавіцца пытаннямі будаўніцтва дзяржавы і ў дадзеным выпадку праведзеным раяніраваннем”. Раённаму камітэту партыі і райвыканкаму прыходзілася рашаць складаныя пытанні гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.
Неўзабаве прыйшлі першыя поспехі. Як адзначалася ў рэзалюцыі Віцебскага акрвыканкама па справаздачы Сіроцінскага райвыканкама аб дзейнасці за перыяд са студзеня па сакавік 1926 года, у раёне на 5% павялічыліся пасяўныя плошчы, у сярэднім на 10% павысілася ўраджайнасць. Палепшылася дзейнасць сельскагаспадарчай і спажывецкай кааперацыі, павялічылася колькасць пайшчыкаў. Да канца аднаўленчага перыяду былі пабудаваны 59 і адрамантаваны 60 мастоў.
Глеба на тэрыторыі раёна была нізкай якасці. На 60% усёй плошчы патрабаваліся меліярацыйныя работы. Сяляне здаўна імкнуліся адваяваць зямлю ў балот. І вось цяпер іх памкненні набылі практычную аснову. Былі створаны 8 меліярацыйных таварыстваў, аб’яднаўшых 449 членаў. Іх сіламі пракапаны 24 км каналаў, ачышчаны рэчышчы 6 рэк. Паляпшэнню становішча сельскай гаспадаркі спрыяў атрыманы раёнам крэдыт. З сакавіка 1925 па чэрвень 1926 года раён атрымаў крэдыт на суму 82 220 рублёў, 85 малацілак, 30 веялак, 18 саломарэзак, 99 спружынных барон, 612 плугоў рознага тыпу, да 18 тысяч пудоў розных угнаенняў. У 1926 годзе ў раёне налічвалася 40% беднякоў, 56,5% сераднякоў, 3% заможных сялян і 0,5% кулакоў.
Пачынаючы з 1925 года, штодзённа сталі праводзіцца Дні ўраджаю і выставы, закліканыя прапагандаваць дасягненні і перадавы вопыт у развіцці сельскай гаспадаркі. Пашыралася сетка прасцейшай кааперацыі. Спажыўкааперацыя паступова выцясняла з гандлю прыватніка. За 1-е паўгоддзе 1926 года тавараабарот спажывецкай кааперацыі ў раёне налічваў 212 188 рублёў, а прыватных гандляроў – 111 950 рублёў. У раёне працавалі сельгасарцелі “Уперад”, “Трактар”, “Пралетарый”, камуна “Прагрэс”, саўгас “Лескавічы” (заўвага рэд. – на базе былога маёнтка Хлюдзінскіх), які ўяўляў шматгаліновую гаспадарку з жывёлагадоўчымі фермамі і добра наладжаным севазваротам. У саўгасе быў сад плошчай 60 га, вырошчваліся гародніна, розныя ягады, меліся кавальская, сталярная, шавецкая майстэрні.