Напоўнена памяць слязамі жывых
Мітынг памяці, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, прайшоў 11 красавіка ў вёсцы Сіроціна на месцы масавага знішчэння мірных яўрэяў.
Уканцы жніўня 1941 года немцы перасялілі яўрэяў у гета, пад якое адвялі пяць дамоў барачнага тыпу. Мужчын ганялі на прымусовыя работы – умацоўваць насып тропінскага моста, вазіць пясок. У лістападзе ў баракі прывезлі яўрэяў з Обалі. Людзей гета знішчылі не адразу – спачатку былі страшэнныя здзекі і пагрозы. 18 лістапада ўсіх выгналі на дарогу і павялі калонай да вялікай ямы, дзе і расстралялі… У Сіроціне пахавана 316 чалавек: 140 вядомых і 176 невядомых ахвяр генацыду беларускага народа, сярод якіх былі і дзеці.
Намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Шалахава адзначыла, што гэта месца вялікай трагедыі, і дарослыя і дзеці сёння прыехалі сюды, каб ушанаваць памяць загінуўшых. Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Людміла Шаўцова гаварыла пра генацыд, жорсткасць нацыстаў, забойствы і масавыя расстрэлы, якія не абышлі наш раён, і заклікала берагчы і цаніць мір у краіне.
У рамках рэспубліканскай акцыі «Лічбавая зорка» напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля помніка ў памяць пра загінуўшых яўрэяў-вязняў Сіроцінскага гета была ўстаноўлена таблічка з QR-кодам. Яе прымацавалі старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч і старшыня грамадскай раённай арганізацыі «Пагранічнікі Шуміліна» Аляксей Цімафееў.
Памяць землякоў ушанавалі хвілінай маўчання. Прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, вучні школ раёна ўсклалі кветкі да помніка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.