«Я ў музыцы з дзяцінства»
На раённую Дошку гонару занесена прозвішча настаўніка па класе харавых дысцыплін Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Нэлі ЖАВАРАНКАВАЙ.
Нэлі Іванаўна была вылучана на Дошку гонару Шумілінскага раёна за творчыя дасягненні. У 2022 годзе яна і яе вучні сталі пераможцамі і лаўрэатамі 15 абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў.
Гэта вопытны педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і працоўным стажам больш за 30 год. Шматлікія метадычныя распрацоўкі Нэлі Іванаўны выкарыстоўваюць у рабоце з вучнямі маладыя настаўнікі харавога аддзялення. Яна з’яўляецца кіраўніком вакальнай групы народнага аркестра народных інструментаў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, ахарактарызавалі настаўніка дырэктар школы Алена Сцяпанава і завуч Алена Фёдарава.
“Я ў музыцы з дзяцінства. У 6 год маці прывяла мяне ў музычную школу № 2 г. Віцебска. Пасля было музычнае вучылішча. Ужо калі працавала ў Шуміліне, скончыла завочна Беларускі ўніверсітэт культуры, – расказала Нэлі Жаваранкава. – У Шуміліна трапіла па размеркаванні пасля вучылішча. Прыехала ў аддзел культуры, а мяне ў калідоры райвыканкама падхапіў дырэктар СШ № 1 Міхаіл Захаравіч Сямёнаў, ён у той час набіраў музычныя класы ў школе – так да 2003 года адпрацавала ў школе, кіравала школьным канцэртным хорам”.
Пасля закрыцця музычнага ўхілу ў школе Нэлі Жаваранкава перавялася ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе і працуе да гэтага часу.
Яна ганарыцца сваімі вучнямі, якія абралі музыку прафесіяй: Ганнай Белан, Марыяй Жукавай, Вольгай Салаўёвай, Вікторыяй Касачовай, Кірылам Кіпрыным і іншымі. Сакрэт поспеху – у жаданні вучня і ўпартай штодзённай працы. Як, напрыклад, Кіра Гуйдо, якая мае вялікую матывацыю і мэтанакіравана працуе і як піяністка, і як вакалістка, і мае вельмі годныя вынікі, паспяхова выступае ў прэстыжных конкурсах.
Нэлі Іванаўна займаецца і грамадскай работай – яна кіраўнік пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Па выніках агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы прафсаюзная пярвічка Шумілінскай ДШМ стала лепшай ў вобласці. “Гэта нялёгкая работа, часта нябачная нават у калектыве, але вельмі неабходная.
Я зыходжу з таго прынцыпу, што калі ўзялася нешта рабіць, то не магу рабіць дрэнна, – лічыць Нэлі Жаваранкава. – Старшыня прафарганізацыі павінен дапамагаць ствараць
камфортныя ўмовы для працы, рабіць жыццё ў калектыве больш цікавым, быць псіхолагам і фарміраваць спрыяльны клімат. А гэта няпроста, асабліва ў творчым калектыве. Але калі ёсць добры вынік – гэта радуе”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.