Репортаж о праздновании Дня Независимости в Шумилино

Актуалии Край шумілінскі Общество

“Мы ўсе ў адказе за лёс Радзімы”

Руководство района встречает Мишневичский подворок

Цяжка ўявіць, што было б са святам, каб у дзень 3 ліпеня пайшоў дождж.  Хаця, калі шчыра, чалавек  прыдумаў і для такога надвор’я свае “контраргументы” — толькі б пакінуць у душы свята. Напрыклад,  калі дождж, калі ён цёплы і жаданы — на багацце. Тым не менш  дзівосы надвор’я спрыялі і бадзёраму настрою чалавека, які прыйшоў-прыехаў святкаваць, завітаў паказаць сябе і іншых паглядзець.  Словам, сонца, ціхая лагоднасць ліпеньскага дня бальзамам атулілі сэрцы шумілінца, які чакаў ад свята нечага адметнага, усцешанага,  чакаў відовішча.
Першае  відовішча прыбыло раніцой, калі яшчэ многія дапівалі кубак ранішняй кавы: ад школы адзін за адным сталі трактары, камбайны — новая беларуская тэхніка. Адзін інжынер, які век адпрацаваў у сельгастэхніцы, глядзеў на магутны “Беларус” са спаранымі коламі і дзівіўся: “Уго, і гэта беларуская тэхніка?! Ні ў якое параўнанне з той, якая працавала пры мне”. Ну, чым не відовішча? Бліжэй да полудня, калі загучала музыка з галоўнай пляцоўкі Шуміліна, пацягнуліся дзеці да трактароў — для здымкаў на памяць. Бацькі  станавіліся самі і на фоне волата знімаліся. Адзін тата падкінуў дачушку на прыступку кабіны, і тая горда сядзела, любуючыся відам зверху. “А можа, расце яшчэ адна Паша Ангеліна?” — падумалася чамусьці, але неўзабаве адагнаў прэч такую думку: мінулі тыя  часы, сёння жанчыну ўбачыш за рулём хіба зграбнай і прыгожай легкавушкі.
Было і самае галоўнае відовішча — тэатралізаванае прадстаўленне. Аднак   насычаная праграма святочнага дня пачыналася ўсё ж не з гэтага. У парк з самага рання  сцягваліся машыны і людзі, везлі свае скарбы, каб і вока людзей пацешыць, і пачаставаць шчыра і шчодра, і прадаць, магчыма, тое-сёе. Як вось Галіна Васільеўна Марудава з Амбросавіч, у якой адбою не было ад пакупнікоў. Сала, якое само прасілася ў рот (сала “на чатыры пальцы”,  прыкінуў старшыня райвыканкама У. П. Куранны), каўбаска, пальцам пханая,  тваражок, клубніцы — такіх буйных ягад даўно не бачыў.  А пачынала камісія сваю работу не з Дабейшчыны — пачынала з Шумілінскага панадворка, дзе “баль” правілі “Разынка” і Дом рамёстваў.
Народны клуб  беларускай народнай кухні “Разынка” (кіраўнік В. Г. Навіцкая) падрыхтаваў спецыяльныя буклеты пра лекавыя травы, іх прымяненне ў кулінарыі. Можна было пасмакаваць і гатовыя настоеныя травы. Майстры народнага клуба “Разынка” зрабілі выставу розных народных страў, печыва. Вялікай папулярнасцю карыстаўся хлеб, спечаны па старадаўніх народных тэхналогіях. Свежая бульбачка з пражанінай і каўбаскамі, дранікі з новай бульбы, піражкі з рознай начынкай – адным словам, смаката.
Дом рамёстваў паказаў свае вышыўкі, батлейкі, вырабы з лазы, ручнікі, габелен, вязанне кручком. На чарзе – таварыства інвалідаў, Обальскі край, ветэраны. Ва ўсіх – сваё, адметнае: і слова вітальнае, і плён працы рук сваіх.
Парадаваў Светласельскі сельсавет. Адчуваеш шчырасць і душэўную дабрыню ад маладой сямейнай пары Броўкіных. Ад іх – шашлыкі ў пачастунак (смачныя, пальчыкі абліжаш),  і самі яны вясёлыя,  узрушаныя такой увагай. А сядзіба тут багатая і на паляўнічыя трафеі (чучалы галавы вепра, глушца, рогі лася) і на рыбалоўныя снасці. Побач з бацькамі — сын, ён выставіў дошку з шашкамі, нібы прасіў каго памерацца з ім  сіламі. Ахвотнікаў не знайшлося, затое ад шашлыкоў ніхто не адмовіўся.
Нястомныя ў сваім пошуку творцы Мішневіцкага сельсавета. Яны наладзілі імправізаванае вяселле. Цікава, з выдумкамі, з фальклорнымі элементамі. І вядучая (мусіць,  сваццейка)  бойкая,  гаманкая і шчодрая на пачастункі. А за маладых была маладая сельская сям’я Богдзя. Забягаючы наперад, адзначым: Мішневіцкі сельсавет выйшаў пераможцам сярод сельсаветаў.
Пастаралася Дабейшчына. Тут і сальца з каўбаскай ад Марудавай, і выдатныя па выкананні работы-вышыўкі Вольгі Бутыркінай, і русалка ў ціне, якая выплыла з возера і гожа ляжала-грэлася сабе (яна атрымала ад камісіі букет чырвоных ружаў). Бісерапляценнем падзівілі сіроцінцы, іконы вышывае бісерам кіраўнік спраў Лаўжанскага сельвыканкама А. П. Жыжова. Сардэчна запрашалі ў свае “пенаты” “Мікалаеўскі фальварак” і “Каўлякоўскі хутарок”. Ежы — вочы разбягаюцца, сама, як у казцы, просіцца ў рот. Парадавала выстава вырабаў з дрэва жыхара в. Ерашова Іосіфа Якаўлевіча Прыгуна.  З “Хутарка” пацешылі ўсіх  гумарыстычныя вершы, складзеныя для Віталя і Надзеі Ціханавец — маладой вясковай сям’і. І ў іх ад багацця страў ламіўся стол. Віталь паказаў выдатныя работы разьбы па дрэву, гаспадыня — выдатны кулінар.
Вось так сцісла, у некалькіх мазках выглядаў наш горад майстроў. Ва ўсім адчувалася: рыхтаваліся ўсе як след, ва ўсіх быў свой творчы почырк. Таму і няхай даруе нас той, хто не трапіў у святочны рэпартаж.
* * *
Перад пачаткам мітынгу старшыня райвыканкама У. П. Куранны сустрэўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Уладзімір Пятровіч падзякаваў ветэранам за мірнае неба над Беларуссю, пацікавіўся, чым жывуць ветэраны і што іх хвалюе.

Шумилино. Митинг 3 июля 2012 года

Пасля адбыўся мітынг з нагоды свята Дня незалежнасці. Выступіў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.  Уладзімір Пятровіч адзначыў, што шумілінская зямля ў гады вайны вынесла шмат пакут і  гора, у раёне   актыўна разгарнулі партызанскі рух, на Обальшчыне дзейнічала

Мемориал в Шумилино

камсамольская падпольная арганізацыя “Юныя мсціўцы”, за вызваленне раёна 104 чалавекі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. “Няма сённяшняга дня без учарашняга, як няма і будучага без сённяшняга. Таму памяць наша — катэгорыя вечная”, — сказаў прамоўца. На мітынгу ля брацкіх могілак выступілі былы франтавік В. П. Кажамякін, ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, першы сакратар райкама ГА БРСМ Андрэй Пахамовіч. “Мы ўсе ў адказе за лёс нашай Радзімы”, — такі лейтматыў выступленняў.

"День Победы"

Тэатралізаванага шэсця шумілінцы чакалі з асаблівым нецярпеннем.  Хацелася відовішча, і рэжысёры свята не падвялі. Трэба было бачыць, як перажывала, як хвалявалася  Л. А. Дарзнек — каардынатар шэсця, як давала апошнія распараджэнні, як смела і па-вясковаму проста выйшлі на плошчу першыя шарэнгі паляводаў з граблямі і косамі.
Пачынаўся тэатр, пачыналася тое важнае, што сабрала мора людзей на плошчы ля Дома Саветаў. Усё было прадумана да дробязей: і экскурсія са жменькай дзетак, і жанчына з дзіцём, якая бегла і крычала што моцы: “Вайна!” – ажно мурашкі па скуры, і шарэнгі вязняў-дзетак, і матацыкл з нямецкім афіцэрам, і гульня ў футбол, калі гулялі палонныя з фашыстамі, і машына, як рэквіем сцэны барацьбы обальскіх маладагвардзейцаў. На плошчы – павозка з раненым савецкім байцом, над якім схіляецца смерць. Чырвонаармеец не зломлены, ён адганяе ад сябе кашчавую. Тут яскравы вобраз нязломнасці, непахіснасці Савецкай Арміі.
Удала падабралі акцёра на ролю паштальёна — жывы, з сумкай цераз плячо, ён пранікнёна і з жалем гаварыў: “Няма пісем, мае родныя!.. Пішуць!..”. Выходзяць партызаны, гучаць песні пад гармонік, з рэпрадуктара льецца “Сіняя хустачка”. За партызанамі ішла моладзь, пасляваенная, вясёлая і ўдзячная сваім бацькам і дзядам, хто выратаваў іх ад фашысцкай няволі.
Цікава, змястоўна, насычана – такія словы просяцца ў якасці характарыстыкі святочнай дзеі.  І яшчэ – на адным дыханні прайшло і шэсце, і канцэрт народных калектываў Шуміліншчыны. Сольна-харавое выкананне доўжылася дзве гадзіны, і людзі не стамляліся слухаць. Хаця, калі шчыра, пад канец канцэрта (а было ўжо тры гадзіны спякотнага дня) шэрагі людзей на лаўках  парадзелі.

Шумилино

На пацеху не толькі дзецям, а і многім дарослым стаў верталёт ДТСААФ, які прыляцеў з Віцебска, каб шумілінцы змаглі палюбавацца гожасцю свайго краю з вышыні, як кажуць, птушынага палёту, а заадно атрымаць порцыю адрэналіну. Не бянтэжыў многіх і кошт білета – 135 тысяч рублёў з чалавека. Ляталі, выходзілі з кабіны ўзбуджаныя, пад вялікім уражаннем.
“Мінулае і сучаснае Шуміліншчыны”
60—ыя гады. Яны здаюцца хлопцам і дзяўчатам Шуміліншчыны такімі далёкімі… А якім быў райцэнтр у тыя гады, як  і дзе працавалі нашы бацькі і дзяды, што рабілася тады дзеля росквіту Шуміліна, як даўней святкавалі вяселлі і адзначалі святы,  – усё гэта можна было ўбачыць на выставе “Мінулае і сучаснае Шуміліншчыны”, што была арганізавана ля Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
На другім стэндзе – сучасныя фотаздымкі. Тут можна было ўбачыць мінулагодняе шэсце Дзедаў Марозаў, закладку першага каменя пад будучую царкву Свяціцеля Мікалая Цуда-творцы і многае іншае. Параўноўваеш мінулае і сучаснае Шуміліншчыны і міжволі прыходзіш да высновы: галоўнае багацце – наш край, а ён прыгажэе з кожным годам.
“Кніга – летапіс часу”
Сёння мы прывыклі бачыць кнігу прыгожую і зручную, у сучаснай вокладцы. А якая была кніга даўней? Гэта і мелі на мэце паказаць жыхарам і гасцям свята работнікі раённай бібліятэкі на выставе “Кніга – летапіс часу”.
Кніга была і застаецца сведкам мінулага і сучаснага, яна з далёкіх часоў маўкліва захоўвае інфармацыю пра войны і перамогі нашых продкаў. І доказ гэтаму – старажытныя кнігі. Аказваецца, у жыхароў раёна захаваліся нават кнігі на стараславянскай мове, якія дасталіся ў спадчыну ад родзічаў (іх год выдання застаецца невядомым). Гэтыя адзінкавыя экзэмпляры – сапраўдны шэдэўр, дзіўная рэдкасць для нас.  Яны і сталі асновай выставы “Кніга – летапіс часу”.
І шмат дзіцячых забаў
Падчас свята ў гарадскім парку было шмат забаў для дзяцей. Прычым для розных па ўзросту і розных па  густу. Многія з нецярпеннем чакалі батутаў і надзіманых гарадкоў, бо ў некаторых свята асацыіруецца менавіта з гэтым. А для іншых за шчасце было пакатацца на поні.
Цэнтр дзяцей і моладзі прапаноўваў бодзі-арт (кіраўнік гуртка У. П. Каласкоў). Адбою ад дзяцей не было: так хацелася мець выяву прыгожага малюнка, ну, хаця б на руцэ ці нават на твары.
Непадалёк можна было пагуляць ў бяспройгрышную латарэю ці проста купіць на памяць сувенір. Сваю праграму для дзяцей прапаноўвалі работнікі раённай бібліятэкі. Ну, а гандлёвыя прадпрыемствы Шуміліншчыны падрыхтавалі да свята шмат смакаты.
Сумесны стол – багаты
Вельмі актыўна рыхтаваліся да свята члены раённай арганізацыі інвалідаў: пяклі, вышывалі, вязалі. А яшчэ збіралі ягады, прычым, не толькі ў сваім агародчыку, але і чарніцы ў лесе. Сумесны стол атрымаўся багатым: тут табе і розных пірагоў, і кексаў, і блінчыкаў. Задорныя і вясёлыя гаспадыні гасцінна  запрашалі ўсіх паспытаць іхняе печыва.
Не менш багаты быў стол і ў вялікай арміі раённай ветэранскай арганізацыі. Акрамя гэтага, былі прадастаўлены выставы лепшых узорных сем’яў пад назвай “Матулін куточак”. Свае выставы абаранялі сям’я Пясецкіх з Амбросавіч, сем’і Волкавых, Барадулькіных і Фамянок з Шуміліна. Яны прапагандавалі здаровы лад жыцця, паказалі свае захапленні, а сям’я Фамянок-Архіпавых прадаставіла ўвазе гледачоў свой радавод.
Выстава льняных вырабаў
Вельмі прыгожа была аформлена на свяце выстава льняных вырабаў. Работнікі ААТ “Шумілінскі льнозавод” зрабілі выставу-продаж  пасцельнай бялізны, сурвэтак, ручнікоў. Асаблівым попытам карысталіся льняныя прасціны. Разышлося і льносемя, якое прадавалі разам з рэцэптамі народнай медыцыны. Куплялі і бабіны шпагату, льняных нітак, якія вырабляюць на Аршанскім льнокамбінаце.
Спартыўны гарадок
Багата спаборніцтваў прайшло на Дзень Незалежнасці. Найбольш вялікую папулярнасць выклікаў пляжны валейбол. Тут канкурыравалі мужчынскія і жаночыя пары. Нягледзячы на святочную атмасферу, якая панавала на стадыёне, спартыўнае напружанне дасягала максімуму амаль у кожнай сустрэчы. У выніку перамогу атрымала сярод мужчын пара з раённага вузла электрасувязі, а сярод жанчын – Наталля Галай-Святлана Юшчанка.
Парадавалі годнымі вынікамі гіравікі. Ішлі да сваіх перамог што-дзённымі трэніроўкамі, як самі пры-зналіся, пік формы ў іх прыйшоў менавіта на Дзень Незалежнасці. Лепшымі ў гэты дзень сталі браты Андрэй і Антон Квяцінскія.
Кожны пераможца і прызёр спартыўных мерапрыемстваў прысвяціў сваю перамогу Беларусі.

На сцене "Эксперимент-12"

Эсперымент удаўся
Гадзіну жывога гуку падарыў рок-гурт “Эксперымент-12” Шумілінскага ГДК. Літаральна  пасля першых кампазіцый лідар Максім Крыгін сваёй энергетыкай і пазітывам зарадзіў слухачоў. Своеасаблівая рокавая атмасфера гарманічна ўпісалася ў агульную атмасферу свята. І вось ужо ўся канцэртная пляцоўка разам спявае “На Ліцейным…”, “Свабода на квадратным метры”.  Прэзентаваў “Эксперымент-12” і прэм’еру: усім вядомую песню “Не думай о секундах свысока” з кінафільма “Сямнаццаць імгненняў вясны” рокеры выканалі ў сваёй апрацоўцы. Не забыліся музыканты і пра лідара “Кіно” Віктара Цоя, якому сёлета споўнілася б 50 год – прагучала песня з рэпертуару “Кіно”. На біс “Эксперымент-12” выканаў кампазіцыі “Мая муза” і “Ідзе мужык…”
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *