Студэнты працавалі нават ноччу
Год таму ў Мішневічах стартаваў праект Чырвонага Крыжа пад назвай “Рука ў руцэ”. Школьнікі-валанцёры рыхтавалі канцэрты для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду, віншавалі са святамі, збіралі цёплае адзенне, прыносілі кнігі для бібліятэкі, сапраўдны дэндрарый разбілі ля бальніцы.
А на мінулым тыдні ў бальніцы на аднаўленні фасадаў працавалі студэнты-валанцёры Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. “Калі нам прапанавалі паехаць працаваць у бальніцу сястрынскага догляду, мы нават абрадаваліся: людзі ўбачаць нашу творчасць і потым скажуць дзякуй!”– кажуць студэнты тэхналагічнага ўніверсітэта.
Хлопцы і дзяўчаты працавалі тут больш за тыдзень. За гэты час на сценах з’яўлялася шмат прыгожых малюнкаў. “Рабяты працуюць бясплатна, – кажа валанцёр Чырвонага Крыжа і каардынатар работы Андрэй Чыжыкаў. – Прыехалі сюды добраахвотна, працуюць добра”.
Галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў расказаў, што ЦРБ закупіла фарбы, пэндзлі, растваральнікі, поўнасцю аплачвае харчаванне студэнтаў. “ Прызнацца, былі ўражаны бескарыслівым імкненнем студэнтаў дапамагчы, – кажа Канстанцін Фёдаравіч. – Студэнты працавалі старанна, з імпэтам: калі днём перашкаджаў дождж, яны вечарам уключалі ліхтар і працавалі да дзвюх гадзін ночы. Каб хоць нечым дапамагчы, работнікі бальніцы чысцілі і мылі фасад. Увогуле мы задаволены работай студэнтаў. Калісьці рабяты з гэтага ўніверсітэта рабілі рамонт у дзіцячым аддзяленні райбальніцы. Вядома, гэта былі іншыя студэнты. Але і тады, і зараз – тая ж напорыстасць і працавітасць”.
Дарэчы, у Мішневічах у студэнтаў быў і яшчэ адзін памочнік – жыхар райцэнтра Уладзімір Полазаў. У час свайго водпуску ён бясплатна працаваў цэлы дзень з уласным спецыяльным абсталяваннем для змывання вапны са сцен. “Калі трэба – яшчэ дапамагу!” – заявіў Уладзімір Аляксандравіч.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.