Хозяйства Шумилинского района ведут сев яровых культур. Репортаж с полей райагросервиса

Новости Сельское хозяйство

«Тып» не баіцца маразоў

З раніцы 3‑га красавіка імгліў дождж. Але такое надвор’е не перашкаджала механізатарам УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» за вёскай Слабада весці на палетках падрыхтоўку глебы і сяўбу.

Работы вядуцца комплексна: на МТЗ з дыскатарам працуе Ігар Цялушкін, з баронамі – Дзмітрый Куляшоў. Хлорысты калій перад сяўбой уносіць Іван Цыбульскі, пасяўным агрэгатам кіруе Міхаіл Бібкін.

Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Дзмітрыем Лазукам накіроўваемся на дальнія палеткі да Івана Цыбульскага (на фота). У прычэпе раскідвальніка мінеральных угнаенняў знаходзіцца прыкладна пяць тон калійнага ўгнаення. Механізатар паспявае за дзень падкарміць тукамі да паўсотні гектараў глебы.

«Услед ідзе пасяўны агрэгат. Сеем гарох! Яго насенне не баіцца маразоў, таму распачалі сяўбу 28 сакавіка, – кажа Дзмітрый Лазука. – Больш за трыццаць тон насення набылі ў “Віцебскааблаграсэрвісе”. Выбралі сярэдняпозні гатунак “Тып”, які ўстойлівы да палягання, асыпання і засухі. Сярэдняя ўраджайнасць – каля 25 цэнтнераў з гектара. Гарох абагачае глебу азотам і з’яўляецца добрым папярэднікам для многіх культур. Плануем пасеяць каля 160 гектараў. Насенне гароху, якое багата на бялок, можна выкарыстоўваць для вырабу камбікармоў. Мець уласнае насенне на наступны год таксама нядрэнна. Ну, і продаж ніхто не адмяняў. Сёння тона гароху каштуе больш за тысячу рублёў».

Пакуль размаўлялі, да палеткаў пад’ехаў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. Ён пахваліў механізатараў і адзначыў, што УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» узяў добрыя тэмпы па падрыхтоўцы глебы і сяўбе яравых культур.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *