Пасяўная: планы і прагнозы для аграрыяў
На выязным пасяджэнні райвыканкама, якое пайшло ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу, разгледжана пытанне гатоўнасці аграрыяў раёна да правядзення вясенне-палявых работ.
Сёлета вясна не спазнілася, і ў аграрыяў практычна няма часу на раскачку. Некаторыя гаспадаркі ўжо распачалі работы на палетках. Што і ў якой колькасці будзем сеяць, на якой тэхніцы, на мінулым тыдні абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама, якое правёў кіраўнік раёна Сяргей Галынчык.
З дакладам пра гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення вясенніх палявых работ выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Пушноў.
Па словах дакладчыка, на 2024 год аграрыям раёна даведзена заданне намалаціць 22,2 тысячы тон збожжа ў бункернай вазе; сабраць 300 тон бульбы ў першапачатковай вазе; 2,6 тысячы тон масланасення рапсу ў бункернай вазе.
Для забеспячэння кармамі не менш 29 ц. к. а. на адну ўмоўную галаву сельскагаспадарчым арганізацыям неабходна нарыхтаваць 2,3 тысячы тон сена; 58,5 ты-сячы тон сенажу; 59 тысяч тон сіласу.
З мінулай восені выкананы пэўны аб’ём работ: пасеяна 6351 га азімых збожжавых, пасевы азімага рапсу на масланасенне склалі 1997 га і 86 га азімай свірэпіцы. З улікам пасеяных азімых збожжавых і азімых крыжакветных вясной неабходна пасеяць 10717 га яравых культур. Пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры адведзена 5352 га, у тым ліку пад зернебабовыя – 150 га. Акрамя таго, у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна плануецца пасеяць 850 га яравога рапсу, 1000 га аднагадовых культур, 15 га бульбы, да 3500 га кукурузы.
На падрыхтоўку тэхнікі да палявых работ будзе накіравана каля 132 тыс. рублёў раённых бюджэтных сродкаў. Па словах У. С. Пушнова, гатоўнасць тэхнікі складае: трактароў – 90%, у тым ліку энерганасычаных – 85%, камбінаваных глеба-апрацоўчых пасяўных агрэгатаў – 88%, плугоў – 97%, глебаапрацоўчай тэхнікі – 95%, раскідвальнікаў арганічных угнаенняў – 89%, раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў – 93%.
Патрэбнасць у механізатарскіх кадрах для правядзення веснавых палявых работ складае 175 чалавек, у тым ліку для работы на энерганасычаных трактарах – 33 чалавекі. 29 механізатараў плануюць задзейнічаць па дагаворах падраду з іншых прамысловых прадпрыемстваў.
Наяўным паркам сельскагаспадарчай тэхнікі пры спрыяльных умовах надвор’я і рацыянальным яе выкарыстанні маецца магчымасць правесці сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур за 13 дзён (рабочых змен), сяўбу кукурузы – за 9 дзён, крыжакветных – за 2 дні.
Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык спыніўся на найбольш вострых праблемах, запытаў спецыялістаў райсельгасхарчу і кіраўнікоў гаспадарак пра захады, якія робяцца па выпраўленні сітуацыі з насеннем, мінеральнымі ўгнаеннямі, пра аператыўнасць рамонтных работ.
Алена КАРПУШЭНКА.