Ад першай баразны да намалочанай тоны
Усім вядомая народная ісціна пра сяўбу ў гразь апраўдала сябе з гадамі. Гэта тычыцца перш за ўсё аўсу, насенне якога не баіцца халадоў, а вось вільгаць яму вельмі патрэбна. Таму ў КУСГП «Ульскі» распачалі сяўбу менавіта з гэтай культуры.
– Едзьце ва ўрочышча Ілава, там на высокіх палетках і сустрэнецеся з нашымі механізатарамі, – параіла дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянціна Лабейка.
Дарога нас прывяла прама да патрэбнага ўрочышча. Тэхніка ўдалечыні, таму ідзём з кіламетр, апрабоўваючы гумавымі ботамі глебу – у асноўным яна рассыпчатая, а ў нізінках яшчэ даволі сырая. «На МТЗ з сеялкай “Лемкен” не буксую, дажджоў жа вялікіх не было, – кажа механізатар Васіль Аглушэвіч, які мае каля дзясятка гадоў стажу на пасяўной. – Выехаў на першыя палеткі ў Чэрчыцах сёлета рана – 20 сакавіка. У бункер сеялкі засыпаю па 350 кілаграмаў насення. Паколькі засяваю за дзень па пятнаццаць гектараў, то майму калегу Віктару Маруцьку прыходзіцца запраўляць сеялку разоў па дзесяць, а то і больш». Дарэчы, Васіль Аглушэвіч у час жніва, як і кожны год, будзе задзейнічаны на ўборачнай. Што пасее – тое і ўбіраць будзе на камбайне. Механізатар валодае ўсім сельскагаспадарчым працэсам – ад першай баразны да намалочанай тоны.
Ва ўрочышчы Ілава работы вяліся ў комплексе – глебу да сяўбы з баронамі рыхтавалі Аляксандр Кляцкоў і Аляксандр Баранаў. Пасля механізатары планавалі пераехаць на палеткі ля вёскі Слудашы.
«Усяго ў гаспадарцы стаіць задача засеяць 500 гектараў зерневых і зернебабовых, – расказала Валянціна Лабейка. – У нас ёсць яшчэ новы пасяўны агрэгат, але не хапае трактароў. Таму ўзялі ў арэнду МТЗ-3022 у “Лаўжанскім” – ужо сёння тэхніка выязджае на палеткі».
Ларыса ЗАЙЦАВА.