Десять лет мне снился дом и бабушкины блины

Людзі і лёсы Общество

Сніліся бабуліны бліны
У мінулым годзе ў нашым раёне бацькоўскіх правоў былі пазбаўлены 22 чалавекі ў адносінах да 19 дзяцей. Сёлета 13 жыхароў раёна пазбаўлены права звацца бацькамі. Многіх дзяцей з такіх сем’яў забралі прыёмныя бацькі ці апекуны, некаторых усынавілі.
А як складваецца лёс тых, хто трапляе ў дзіцячы дом? Аб гэтым можа расказаць толькі той, хто там выхоўваўся. Як, напрыклад, Аляксандр (назавём яго так). Гаваркі, ён за некалькі хвілін расказаў пра свой лёс, пра свой боль і крыўду. Словы ішлі ад душы. Магчыма, лёс гэтага чалавека сугучны з лёсамі многіх калісьці кінутых дзяцей, бо бацькі мелі ў жыцці “больш важны клопат” – гарэлку, асабістае разгульнае жыццё.
«Мая маці, амаль штодзень была п’яная. Пасля пахмелля яна станавілася дабрэй, затое калі ў чарговы раз ёй не хапала на выпіўку, мне пападала ні за што. Бацьку дрэнна помню, ён быў замкнуты, я нават баяўся другі раз падыходзіць да яго.. А яшчэ помню сваю старэнькую бабулю: яна была ціхая і пяшчотная, яе рукі пахлі блінамі, якія яна часта пякла для нас.
У сем гадоў я не вельмі разумеў, што такое пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Калі нас (мяне, старэйшага і малодшага братоў) прывезлі ў інтэрнат, думаў, што гэта ўсяго на некалькі дзён. А гэтыя дні зацягнуліся на дзесяць гадоў. Не сказаць, каб нам было вельмі дрэнна ў інтэрнаце: накормленыя, апранутыя, вазілі на розныя экскурсіі. Некалькі разоў пабываў у Італіі. Але ж не было сапраўднай сям’і, а ў думках быў менавіта там. Мне сніўся вясковы дом, сніліся бабуліны бліны, быццам яна падае мне з патэльні самы румяны.
Амаль дзесяць гадоў я пражыў у дзіцячым доме. Пасля школы я вывучыўся на слесара, працую ўжо чацвёрты год. Увесь час адкладваў грошы з заробку, спачатку купіў сабе мабільны тэлефон, а летась набыў легкавушку. Цяпер збіраю грошы на камп’ютар. Я не патрабавальны, лішняга не купляю. У мой спіс неабходных прадуктаў гарэлка не ўваходзіць. Лічу, што пакупка спіртнога – гэта выкінутыя грошы. Ды і не хачу быць падобным на сваіх бацькоў. Напэўна ж, некалі і ў мяне будзе свая сям’я, народзяцца дзеці. Не хачу для іх такога лёсу, як у мяне. Адно ведаю дакладна: маіх дзяцей ніколі не забяруць у інтэрнат.
Чаму ўсё гэта расказваю? Напэўна, каб крыху палягчэла на душы. Калі разабрацца, дык няма з кім па душах пагутарыць. Старэйшы брат лечыцца ад гарэлкі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, малодшага ўсынавілі італьянцы – згубіў з ім сувязь. Бацька ў п’яным угары закончыў жыццё самагубствам. Маці п’е, яна жыве ў суседняй вёсцы, але мы з ёй чужыя людзі. З сябрамі таксама не магу быць да канца шчырым – не хачу, каб нехта мяне шкадаваў”.
Але шкадаваць яго не трэба. Ён моцны духам і характарам. Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, ён не плыве па цячэнню, а стараецца выбрацца на востраў удачы і дабрыні. І гэта атрымліваецца. Чалавек бачыць акрэсленыя мэты, ідзе да іх настойліва і пераканана.
Автор Лариса КИСЕЛЁВА.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *