Доска почёта Шумилинского района. Оператор машинного доения ОАО «Лежни» Кристина Новикова

Новости Общество Сельское хозяйство

Спраўная і старанная работніца,  шчаслівая маці і бабуля шчаслівая маці і бабуля

– Як вы тут, мае красуні? – пытаецца аператар машыннага даення ААТ «Ляжні» Крысціна Новікава ў кароў перад вячэрняй дойкай. – Ну, што ты, Ягадка, цягнешся да мяне, хочаш, каб прылашчыла?

Даярка абышла сваю групу, пагаманіла з жывёлай, упэўнілася, што каровы здаровыя, і толькі пасля гэтага прыступіла да работы. І так заўсёды: кожную дойку Крысціна Новікава пачынае з агляду. Жывёла пазнае сваю гаспадыню па кроках і дыханні.

У мінулым годзе надоі ў групе Крысціны Новікавай былі аднымі з лепшых па гаспадарцы. Яна надаіла 4096 кілаграмаў малака на карову, што на 361 кг больш папярэдняга года. Калектыў сельгаспрадпрыемства вылучыў Крысціну на раённую Дошку гонару.

У сельскую гаспадарку Крысціна прыйшла працаваць адразу пасля школы. Чатыры гады таму яна ўзяла сабе групу раздою. Не ўтойвае, што нялёгка было справіцца з некаторымі першацёлкамі. Затое радаваў вынік – добрыя надоі. Зараз у групе 36 кароў, якія ацяліліся па тры-чатыры разы, а яшчэ 25 першацёлак. Іх даярка будзе, як сама кажа, прывучаць да дысцыпліны і парадку.

«Пакуль першацёлкі не сталі каровамі, яны ў мяне без імені, бо яшчэ добра не ведаю іх характар і звычкі, – кажа работніца. – А вось пасля ацёлаў кожнай даю мянушку. З пакладзістых і малочных – Ягада, Чорцік, Вожык, Лізун. А самая прадукцыйная – Хлебніца – дае больш за 20 літраў малака за дзень. Такую мянушку яна атрымала таму, што нарадзілася ў пачатку жніўня, калі ўбіралі хлеб на палетках».

На ферме Ляжні-3, дзе працуе Крысціна Новікава, кармы раздаюць «Гаспадаром». Аператара радуе, што яны якасныя і іх дастаткова. Сянаж “аздабляецца” канцэнтратамі – ад гэтага корм больш смачны і хутка паядаецца. Але для добрай прадукцыйнасці аднаго корму мала, дадае Крысціна. Трэба абавязкова жывёлу выганяць на прагулкі, каб яна адчувала сябе бадзёрай, сачыць за яе здароўем, прытрымлівацца тэхналогій даення і ўтрымання.

Крысціна Новікава спраўная і старанная работніца, на работу заўсёды ідзе з добрым настроем. Ёю ганарацца не толькі калегі, але і тры дачкі, і ўнукі. Маладая і ўвішная бабуля падзялілася і сваёй апошняй радасцю – 1 сакавіка ў яе нарадзіўся дзясяты унучак, і яна адчувае сябе шчаслівай.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *