Не заплывайце далёка ад берага
У раённых зводках пра розныя здарэнні кожны год значацца тапельцы. Вось і нядаўна на Шумілінскім возеры патануў чалавек. Таму нікому не перашкодзіць яшчэ раз пазнаёміцца з правіламі паводзін на вадзе і з асноўнымі прычынамі гібелі людзей.
Часта людзі, што прыходзяць купацца на возера або рэчку, губляюць пачуццё меры і забываюць, што доўгае знаходжанне ў вадзе прыводзіць да пераахаладжэння арганізма. Асабліва гэта небяспечна для маленькіх дзяцей, пажылых і схуднелых людзей, п’яных. Звычайна тэмпература 20 градусаў не выклікае ў дарослага чалавека небяспечнага пераахаладжэння. Пры тэмпературы вады ад 0 да 5 градусаў смерць можа наступіць на працягу 10-30 хвілін.
Купацца лепш у месцах з чыстым дном і ціхім цячэннем. Калі не ўмееце плаваць, не заходзьце ў ваду вышэй пояса. У час купання не даводзьце сябе да дрыжыкаў. Не купайцеся нашча і раней, чым праз паўтары-дзве гадзіны пасля таго, як паелі. Не ўваходзьце і не нырайце ў ваду пасля фізічных нагрузак і пры агульным недамаганні. Пры заплывах умейце правільна разлічваць свае сілы. Трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго, а выкарыстайце цячэнне, каб наблізіцца да берага. Апынуўшыся ў вадавароце, не губляйцеся, набярыце паболей паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок па цячэнні, выплывіце на паверхню. Пры сутаргах змяніце спосаб плавання з мэтай змяншэння нагрузкі на мышцы і плывіце да берага. Заплываць на вялікую глыбіню і далёка ад берага можна толькі ў тым выпадку, калі вы вельмі добра ўмееце плаваць.
Доўгае плаванне можа змарыць, таму эканомна расходвайце свае сілы, час ад часу адпачывайце, павярнуўшыся на спіну. Але адпачынак не зацягвайце, каб не замерзнуць яшчэ больш.
Калі заблыталіся ў водарасцях, не рабіце рэзкіх рухаў і рыўкоў. Ляжце на спіну і паспрабуйце спакойнымі рухамі выплыць у той бок, адкуль прыплылі. Не атрымаецца – падцягніце ногі і асцярожна вызваліцеся ад раслін рукамі.
Забараняецца:
— заплываць за знакі агароджаў і папераджальныя знакі;
— купацца і загараць у забароненых і невядомых месцах;
— скакаць ў ваду з дамбаў, прыстаняў, лодак, плытоў;
— падаваць ілжывыя сігналы бедства;
— перамяшчацца ў лодцы з месца на месца пры катанні;
— выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвенне, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын і іншыя дапаможныя сродкі;
— забруджваць і засмечваць вадаёмы.
Знаходзячыся ля вады не забывайце пра сваю бяспеку, бяспеку сваіх родных, будзьце гатовыя аказаць дапамогу таму, хто трапіў у бяду.
І. КРУКАЎ, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Надрукавана ў №51 ад 29.06.2012 г.