У планах – парода «буйная белая» ці «мясная беларуская»
З нядаўняга часу на свінагадоўчым комплексе СУП «Добрынскае» працуе новы начальнік – Алег Дувідзон. «Не зусім і новы, – удакладняе Алег Валер’евіч. – Выраз, што двойчы нельга ўвайсці ў адну і тую ж рэчку – гэта не пра мяне. Першы раз прыйшоў на комплекс у 1994 годзе і працаваў да 2007 года. Спачатку ветурачом, потым начальнікам. Затое магу прааналізаваць развіццё прадпрыемства: у 1994 годзе тут было 500 галоў жывёлы, а на 1 студзеня 2024 года налічваецца 6600. Як бачыце, розніца істотная».
Аналізуючы работу свінакомплекса за мінулы год, Алег Дувідзон і тэхнік па ўліку прадпрыемства Ала Ермаловіч прыходзяць да высновы, што спрацавалі нядрэнна. Так, на Міёрскі мясакамбінат здалі 5331 галаву свіней (у 2022 г. – 4881, 109%). У вазе гэта складае 548 тон (+40 тон, 108%). У сярэднім кожны месяц завозілі на мясакамбінат па 400-450 свіней. Такі вынік стаў магчымым дзякуючы строгаму захаванню тэхналогій, збалансаванаму кармленню, каранцінным мерапрыемствам.
Сёння свінагадоўчы комплекс СУП «Добрынскае» ўяўляе сабой пяць памяшканняў, якія разбіты на некалькі ўчасткаў. У племянным будынку знаходзяцца асноўныя свінаматкі і маладняк пад пакрыццё (каля 450 галоў). У трох сектарах (па 20 га-лоў у кожным) стаяць свінні, кожная з якіх неўзабаве ў сярэднім прынясе па 8-10 парасят. У мінулым годзе было і некалькі мнагаплодных, якія парадавалі 20 парасятамі. Яны былі меншай вагі, але акрыялі дзякуючы стараннаму догляду аператараў.
Другое памяшканне комплексу – для супаросных свінаматак, трэцяе – непасрэдна для апаросаў. Тут шэсць сектараў, дзе стаяць па 34 свінаматкі. Парасяты з імі знаходзяцца да трыццаці дзён, а потым іх ставяць асобна, кормяць спецыяльным “дзіцячым” камбікормам месяц. Калі яны дасягаюць двухмесячнага ўзросту, пераводзяць у групу дарошчвання. За два месяцы парасяты дасягаюць вагі да сарака кілаграмаў і паступаюць на адкорм, дзе гадуюцца яшчэ чатыры месяцы. Такім чынам за восем месяцаў жывёла набірае 105-110 кілаграмаў і з такой вагой паступае на мясакамбінат. Зараз у групе па адкорме – каля трох тысяч свіней.
Сёлета за студзень-люты на мясакамбінат адвезлі васемсот галоў. Мяркуюць, што да канца года будзе станоўчая дынаміка вытворчасці, бо летась атрымалі 7809 парасят, якія зараз набіраюць вагу.
Усяго на комплексе працуе сорак чалавек. Аператараў па доглядзе за жывёлай хапае, але патрэбны ветфельчар і электрык. Кіраўніцтва гатова арганізаваць падвоз спецыялістаў з райцэнтра.
На комплексе трымаюць накірунак на трохпароднае скрыжаванне (пароды дзюрок, ландрас і йоркшыр). Парода нядрэнная, але ж яе трэба абнаўляць, каб свінні былі пладавітымі і высокапрадукцыйнымі. У гэтым плане ўшчыльную працуюць.
«Трымаем сувязь з навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па жывёлагадоўлі ў Жодзіне і з “Віцебскім беконам”, дзе вырошчваюць чыстапародных свіней, – расказаў дырэктар СУП “Добрынскае” Міхаіл Максіменка. – Мяркуем для абнаўлення статку набыць 60 галоў пароды “буйная белая” або “мясная беларуская”».
Ларыса ЗАЙЦАВА.