Вясну сустрэлі блінамі, гульнямі і песнямі
Блінцы на любы густ, гульні, танцы, песні і забавы – усім радавалі масленічныя гулянні 16 сакавіка ў парку г. п. Шуміліна.
Цэнтрам масленічных гулянняў стала эстрада ў парку і пляцоўкі вакол яе. У цэнтры пляцоўкі стаяла лялька Масленіцы, вакол якой вадзілі карагоды і танцавалі.
Галоўнай святочнай падзеяй стаў конкурс “Бацюшка-самавар”. Гэты атрыбут чайнай цырымоніі быў прадстаўлены на выставе і на сталах удзельнікаў конкурсу – калектываў устаноў адукацыі, раённай бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Большую частку экспанатаў прадстаўлялі электрычныя самавары самых разнастайных форм. Былі і рарытэтныя: вядзёрныя, зробленыя ў пачатку мінулага стагоддзя, якія трэба паліць шчапой ці шышкамі – з такога самавара можна напаіць не адзін дзясятак чалавек. Былі і незвычайныя – распісныя, нават сувенірны саламяны самавар.
Кожны ўдзельнік прапанаваў багаты святочны стол, на якім, зразумела, галоўнай стравай былі бліны, спечаныя па розных рэцэптах, з розным начыннем.
Сваю прыгожа-смачную выставу ўдзельнікі конкурсу абаранялі перад членамі журы на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам. Прыпеўкі і песні, казкі і танцы – усё пра Масленіцу, бліны і самавары. Журы не пакрыўдзіла нікога – адзначыла і творчы падыход, і крэатыўнасць, і традыцыйнасць, і арыгінальнасць.
Пераможцам конкурсу “Бацюшка-самавар” стаў цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Дарэчы, прысмакамі і блінамі, падрыхтаванымі для конкурсу, маглі пачаставацца ўсе, хто завітаў на свята. Выставу-продаж народных сувеніраў прапанаваў Шумілінскі дом рамёстваў, а народны клуб нацыянальнай кухні “Разынка” частаваў беларускімі традыцыйнымі масленічнымі стравамі.
Артысты спявалі песні і танцавалі, а вядучыя з раённага цэнтра культуры запрашалі да ўдзелу ў розных конкурсах і забавах.
Дзяцей прыцягвала пляцоўка ўдзельнікаў дзіцячага тэатральнага калектыву арыгінальнага жанру “Новы погляд” раённага цэнтра культуры, якія пра-паноўвалі актыўныя гульні, разлічаныя на розны ўзрост.
Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр прапаноўваў спартыўныя забавы, уключаючыі масленічны слуп.
Карысталіся папулярнасцю хадулі і бодзі-арт ад раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Шумілінцы праводзілі зіму і масленіцу, развіталіся да наступнага года. Весела і ра-дасна сустракалі цёплую, квітнеючую вясну.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.