Профилактические рейды по семьям проходят в Шумилинском районе

Закон Общество Семья

Галоўнае – бяспека дзяцей

Пасля трагедыі ў Оршы, калі маці забіла чатырох непаўналетніх дзяцей, суб’екты прафілактыкі ўзмацнілі кантроль за сем’ямі з дзецьмі, якія стаяць на розных відах кантролю. На працягу сакавіка будуць праходзіць рэйдавыя мерапрыемствы па абследаванні сямей, якія патрабуюць павышанай увагі. Падчас апошняга рэйду, які прайшоў на мінулым тыдні, было праверана больш за 10 сем’яў у Шуміліне. Работнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, РАУС і РАНС правяралі жыллёвыя ўмовы, наяўнасць прадуктаў харчавання, эмацыянальны і фізічны стан дзяцей, спраўнасць аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, цікавіліся ў суседзяў атмасферай у сем’ях.

 

У большасці выпадкаў пытанняў да бацькоў не было, былі дробныя заўвагі. Агульны малюнак сапсаваў адзін з бацькоў.

Шумілінскую сям’ю, у якой выхоўваюцца двое непаўналетніх дзяцей, паставілі на ўлік як сацыяльна-небяспечную ў канцы мінулага года. Адбылося гэта пасля таго, як суседзі выклікалі міліцыю, бо нецвярозы бацька ўчыніў дома скандал. Пасля здарэння мужчына закадзіраваўся, на рабоце працаваў без прагулаў. Здавалася, што сітуацыя нармалізавалася. Але…

У госці да сям’і завіталі каля чатырох гадзін вечара, дома быў адзін бацька. У пакоі адчуваўся ўстойлівы пах алкаголю, па паводзінах гаспадара было бачна, што ён нецвярозы. «А што тут такога, выпіў 0,5 літра піва, жонка з дзецьмі яшчэ няхутка прыйдзе, – пачаў «адстойваць» свае правы мужчына. – Зараз тут дзяцей няма. Ніякай пагрозы для жыцця дзетак няма». Фактычна, размова не атрымалася, бо бацька так і не зразумеў, што ад яго хочуць. Члены камісіі неаднаразова паўтаралі, што галоўнае, каб дзеці прыйшлі ў бяспечны дом, дзе іх здароўю і жыццю нічога не пагражае.

Як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч, бацька будзе выкліканы на пасяджэнне каардынацыйнага савета, на якім будуць выслуханы не толькі довады (калі яны будуць) бацькі, а прыняты самыя сур’ёзныя меры для нармалізацыі сітуацыі ў сям’і. «Візітам а 16 гадзіне ўсё не абмежавалася, – расказвае Людміла Аляксееў-на. – У гэты ж вечар каля 23 гадзін бацька ўчыніў сямейны скандал, на які былі выкліканы супрацоўнікі міліцыі. Будуць прыняты меры аб вынясенні ахоўнага прадпісання, каб бацька на працягу нейкага часу быў ізаляваны ад сям’і і не быў крыніцай небяспекі для жонкі і дзяцей».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *