Пад россып ранішняй расы
Дождж толькі на карысць палеткам, лічаць механізатары КУСГП “Сіроцінскі”. Трава так і просіцца, каб яе скасілі пад россып ранішняй расы. І касілкі пачынаюць працаваць а пятай гадзіне раніцы.
“У мяне няма цяжкасцей з касавіцай, – усміхаецца механізатар Аляксей Нікіценка – З восені мінулага года працую на новым кормаўборачным камбайне КВК-800. Тэхніка добрая, адна асалода працаваць на такой”.
Дарэчы, вучыцца рэгуліроўцы кормаўборачнага камбайна Аляксей ездзіў на на Віцебскі маторарамонтны завод. У гаспадарцы новую тэхнік. давяраюць толькі граматным механізатарам. І сёння Аляксей Нікіценка можа на памяць расказаць, якое здрабненне травы найбольш прыдатнае для сенажу. “Гэта толькі навічкі заглядваюць у тую табліцу рэзкі, якая распрацавана навукоўцамі, – усміхаецца механізатар.
Адзін раз на дзень ў абавязковым парадку Аляксей рэгулюе нажы КВК. Іх сорак, і трэба, каб кожны працаваў як гадзіннік.
Адрэгуляваў тэхніку – і зноў за работу. За дзень механізатар паспявае падабраць і здрабніць 300-500 тон зялёнай масы, перавыконвае даведзеную норму ў тры-чатыры разы. Ад КВК-800 з далёкіх палеткаў адвозяць “зялёнку” чатыры трактары.
У “Сіроцінскім” на касавіцы задзейнічаны два кормаўборачныя камбайны і дзве касілкі, на адвозцы і трамбоўцы – сем трактароў, расказаў дырэктар гаспадаркі С. П. Басаў. На 25 чэрвеня ў гаспадарцы скошана больш за 800 гектараў травы (97% да плана). Сярод лепшых механізатараў кіраўнік гаспадаркі назваў таксама Мікалая Прышчэпава, Аляксандра Антонава, Максіма Сінілу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №50 ад 26.06.2012 г.