Один день участкового инспектора

Общество

І абароніць, і проста пагаворыць
Участковыя інспектары РАУС працуюць пазменна. Самая напружаная – другая змена, бо менавіта ў вячэрні і начны час адбываецца большасць злачынстваў.
На вячэрняе дзяжурства разам з участковым інспектарам Сяргеем Кузняцовым, які абслугоўвае тэрыторыю Мішневіцкага сельсавета, выйшаў і карэспандэнт рэдакцыі.
А шаснаццатай гадзіне – інструктаж для ўсіх участковых. Яго праводзіць начальнік аддзялення прафілактыкі і правапарадку РАУС А. М. Каралёў. Усе ўчастковыя атрымалі “баявыя” задачы. Першыя паўтары гадзіны Сяргей Аляксандравіч працуе ў кабінеце, афармляе дакументацыю. Затым адпраўляемся разам з ім у Мішневіцкі сельсавет. Там з 18.00 да 20.00 прымае грамадзян па асабістых пытаннях. У гэты дзень на прыём прыйшлі дзве жанчыны. І абедзве па адной і той жа прычыне: сямейна-бытавыя скандалы. Участковы  неаднойчы размаўляў з дэбашырамі, караў штрафамі за п’янку. На гэты раз участковы разглядае пытанне аб накіраванні аднаго з мужчын у лячэбна-працоўны прафілакторый, другога сям’я хоча закадзіраваць. С. А. Кузняцоў паабяцаў дапамагчы.
Пасля прыёму грамадзян – работа па заявах. Трэба апытаць сведкаў па адміністрацыйных справах. Так, мясцовы мужчына  у п’яным угары вырашыў закончыць жыццё самагубствам і наглытаўся таблетак. У бальніцы яго выратавалі, але ж участковы павінен правесці расследаванне. Ён накіроўваецца да суседзяў і родных пацярпелага, размаўляе, складае пратакол.
Ёсць заява і з Сураўнёў. Малады чалавек патэлефанаваў у РАУС і расказаў, што яго абвінавачвае маці ў крадзяжы грошай. Едзем у Сураўні, забіраем хлопца і накіроўваемся ў Глушыцу, дзе жыве ягоная маці. Аказваецца, бабуля знайшла згубленыя сорак тысяч рублёў, але паколькі ёсць заява ў дзяжурную часць, участковы павінен аформіць пратакол, да-прасіць заяўніка і пацярпелую.
Тым часам да хаты, куды зайшоў участковы, падышлі дзве пенсіянеркі. Дачакаўшыся міліцыянера, выказалі яму сваю крыўду: суседскага сабаку час ад часу адвязваюць, ён бегае па вуліцы, пужае ўнукаў. Участковы абяцае разабрацца з гэтым на наступны дзень. Але вяскоўцы не адпускаюць міліцыянера, ім  хочацца пагаварыць і пра спякоту, і пра работу на агародзе, пацікавіцца раённымі навінамі. Участковы падтрымлівае размову, адказвае на ўсе пытанні. Але гутарку парушае тэлефонны званок з дзяжурнай часці: тэрмінова трэба апытаць вяскоўцаў з Мішневіч, бо ў прыёмны пакой райбальніцы паступіў з гэтай вёскі мужчына з пераломанай ключыцай.
Імчым у Мішневічы. Як расказалі суседзі пацярпелага, ён ехаў на веласіпедзе і ўпаў.  Ніякага крыміналу.
Наступны наш “кліент” ужо два тыдні не скандаліць. Пасля таго, як яго забралі пад арышт, ён прыціх, баіцца, што забяруць у ЛПП. Але дзеля прафілактыкі ўчастковы гутарыць і з ім.
Апоўначы заязджаем у калгасную мішневіцкую сталоўку – там часова праводзяць дыскатэкі. На танцах людзей нягуста – чалавек дваццаць. П’яных няма. Але ля ганка С. А. Кузняцоў заўважыў выпітага хлопца, папрасіў яго пайсці дадому. Сябры ўзяліся яго праводзіць, бо ведаюць, што жарты з міліцыяй дрэнныя: зімой забралі вясковага хлопца прама з дыскатэкі на некалькі сутак у ізалятар часовага ўтрымання.
Па дарозе заязджаем у майстэрню КУСГП “Мішне-вічы”, правяраем, ці ёсць вартаўнік на месцы.
Другая змена ўчастковага інспектара заканчваецца а другой гадзіне ночы.
Автор Лариса КИСЕЛЁВА.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *