Вось яно – ЖАНОЧАЕ ШЧАСЦЕ
Дачка, сястра, калега, цёця, унучка, пляменніца, сяброўка… Колькі ў жанчыны можа быць роляў і стасункаў! Для Таццяны Канстанцінавай, якая працуе ў падатковай інспекцыі, самыя важныя і галоўныя ў жыцці – быць жонкай і мамай, прычым мамай трох сыноў. Менавіта гэтыя ролі як ніякія іншыя даюць ёй магчымасць у поўнай меры адчуць сябе ў першую чаргу Жанчынай.
Кожнае 8 сакавіка яна адпачывае, адчувае сябе каралевай. «Гэта, напэўна, адзіны дзень, калі я поўнасцю адпачываю і па кухні, і наогул па гаспадарцы, – кажа яна. – Мае мужчыны бяруць увесь агонь на сябе: кветкі дораць, святочны абед гатуюць… І для мяне гэта сапраўднае свята».
Пашчасціла, пазайздросцяць адны, столькі ўвагі і клопату атрымлівае яна на жаночае свята, другія ж паспачуваюць: нялёгка, відаць, прыходзіцца ёй на 23 лютага. Таццяна вельмі любіць сваіх мужчын – мужа Уладзіміра, сыноў Валянціна, Яраслава і Кірыла – і заўсёды знаходзіць магчымасць і час падарыць кожнаму свайму абаронцу падарунак і сказаць шчырае ласкавае слова, парадаваць усіх сямейных фірменным тортам, смачней і прыгажэй за які нідзе не купіш.
«Я ніколі не думала, што ў мяне бу-дзе тры сыны, – усміхаецца Таццяна. – І кожную цяжарнасць марыла пра дачку. Але менавіта цяпер разумею, што мае сыны – гэта сапраўдны дар, мая сіла і апора. Уявіце, што адразу чацвёра мужчын кожны дзень пытаюцца ў вас: «Як прайшоў дзень? Чым табе дапамагчы?». І, між іншым, заўсёды знойдзецца той, хто памые посуд ці вынесе смецце».
І цяпер Таццяна Канстанцінава, напэўна, ведае пра мужчын усё. Ведае ўсе віды спорту, маркі машын, правілы камп’ютарных гульняў. З сынамі і мужам дакладна не засумуеш. Гэта яны далучылі яе да спорту (старэйшы сын Валянцін – кандыдат у майстры спорту па паўэрліфцінгу) і здаровага харчавання, гэта яны падштурхнулі да рашэння будаваць на месцы дачы дом, і цяпер самі выступаюць у ролі галоўных будаўнікоў, гэта яны прымушаюць адчуваць яе шчаслівай жанчынай.
Алена КАРПУШЭНКА.