Каждой телеге – номерной знак

Закон

Кожнай гужавой павозцы – нумарны знак
У рэдакцыю даслалі ліст з Обалі. Сям’я Яблыкавых пытаецца: “Чулі па абласным радыё, што трэба рэгістраваць конскія калёсы. А калі такое новаўвядзенне будзе ў нашым раёне і ці трэба плаціць за нумарныя знакі? І яшчэ нас цікавіць, ці трэба рэгістраваць прычэп да мотаблока”.
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да старшага дзяржаўтаінспектара ДАІ РАУС Мікалая Гаралевіча. Ён патлумачыў, што дзеля бяспекі дарожнага руху Упраўленнем унутраных спраў аблвыканкама прынята рашэнне аб бясплатным абсталяванні ўсяго гужавога транспарту вобласці нумарнымі знакамі. У нашым раёне рэгістрацыя пачынаецца ўжо ў канцы жніўня. Гэтай справай будуць займацца супрацоўнікі ДАІ.
“Рэгістрацыі належыць не ўвесь гужавы транспарт, а толькі той, які эксплуатуецца на дарогах агульнага карыстання, – удакладніў Мікалай Уладзіміравіч. – Напрыклад, конскія калёсы, на якіх працуюць толькі на закрытай тэрыторыі і якія не выязджаюць на праезныя часткі дарогі, можна не рэгістраваць.”
Пасля рэгістрацыі ўладальніку гужавога транспарту выдаецца нумарны знак з пяці лічбаў. Эксплуатацыя гужавога транспарту без такога знака будзе забаронена. У базу даных ДАІ будуць унесены звесткі пра тып, від гужавога транспарту, яго ўладальніка, пра пройдзены тэхагляд. Калі вазніца будзе ехаць без святловяртальнай камізэлькі і гужавы транспарт не будзе абсталяваны святловяртальнымі элементамі ў адпаведнасці з устаноўленымі правіламі, то тэхнічны агляд анулюецца і інфармацыя ўносіцца ў базу даных. У выпадку страты або пры пашкоджанні нумарнога знака можна будзе атрымаць новы. Прычым, работнікі ДАІ і тут ідуць на ўступкі: калі па якой-небудзь прычыне ўладальнік не можа прадаставіць транспарт да месца рэгістрацыі, то можна зарэгістраваць і па месцы яго жыхарства.
Што датычыцца мотаблокаў, то іх рэгістраваць не трэба, не патрабуюцца для іх і нумарныя знакі. Каб кіраваць мотаблокам, вадзіцельскія правы не трэба.
Автор Людмила ЗУЙКОВА.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *