Студэнты едуць на фермы
Ва ўсіх гаспадарках раёна ў гэтым годзе вядзецца рэканструкцыя фермаў. Сіламі ўласных будаўнічых брыгад з такой работай справіцца цяжка. Вось тут на дапамогу і прыходзяць студэнты.
Амаль два тыдні працуе студэнцкі атрад у ААТ “Прыдзвінскі”. Яшчэ з вясны ў гэтай гаспадарцы вядзецца рэканструкцыя фермы Свярдлы. Тут два памяшканні. У адным з іх, дзе стаяў дойны статак, 14 хлопцаў-трэцякурснікаў з Віцебскага станкаінструментальнага ліцэя бетаніруюць падлогу.
Кіраўніцтва “Прыдзвінскага” спачатку да такіх памочнікаў аднеслася насцярожана. Усе непакоіліся: ці будуць добра працаваць, а можа праз дзень-два збягуць дамоў. Але хлопцы не збеглі.
“Рабяты прыехалі да нас па асабістаму жаданню, і гэта адчуваецца, – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце “Прыдзвінскага” А. А. Дзежыц. – Хлопцы працуюць нармальна, стараюцца, не ныюць, не скардзяцца, што цяжка”.
Дарэчы, студэнты жывуць у былым дзіцячым садку ў Навіках, тры разы харчуюцца ў школьнай сталоўцы. Непадалёк магазін і клуб.
У хуткім часе студэнцкі атрад аднаго з Полацкіх каледжаў прыедзе працаваць у “Мішневічы” на ферму Заўсыска, дзе вядзецца рэканструкцыя, расказаў дырэктар КУСГП “Мішневічы” М. Г. Цікавенка. Рабяты будуць заняты на падсобных работах, на добраўпарадкаванні тэрыторыі. Працаваць тут (як і памочнікі ў “Прыдзвінскім”) будуць месяц. Аплата працы – здзельная.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.