Загартаваны працай
На мінулым тыдні старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч прынялі ўдзел ва ўрачыстых віншаваннях са 100-гадовым юбілеем нашага земляка Аркадзя Аднарукава, адправіўшыся ў Віцебск з кветкамі і падарункамі. Разам з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Анатолем Ліневічам яны пажадалі шаноўнаму юбіляру здароўя і бадзёрасці духу, Анатоль Канстанцінавіч уручыў ветэрану Ганаровую грамату аблвыканкама.
Аркадзь Аднарукаў нарадзіўся 22 люта-га 1924 года на хутары каля вёскі Гарэлая Града Казьянскага сельсавета Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна. У ліпені 1944-га, пасля вызвалення Віцебска, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, служыў старшым тэлефаністам у артылерыйскім палку, дакладней, у артылерыйскай разведцы артдывізіі Рэзерву Галоўнага камандавання. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Прагі», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй».
Пасля вайны А. М. Аднарукаў працаваў бухгалтарам у розных арганізацыях Віцебска. Разам з жонкай Вольгай пражылі разам больш за 61 год (яна пайшла з жыцця ў 2022-м), выхавалі сыноў Андрэя і Аляксандра.
Ветэран прызнаўся, што ніколі не думаў, што дажыве да 100 гадоў. Генетычна ён схільны да доўгажыхарства (мама пражыла 92 гады), але нельга скідваць з рахункаў і яго прыхільнасцьда здаровага ладу жыцця. Да 80 год ён кожную раніцу бегаў, прымаў халодны душ, да 85 ездзіў на дачу і актыўна займаўся агародніцтвам.
Але ж хутчэй за ўсё загартоўку дало жыццё, нястомная праца з самага дзяцінства. Агульны працоўны стаж Аркадзя Аднарукава складае 45 гадоў. Аркадзь Мікалаевіч сказаў, што ў цэлым задаволены жыц-цём, ні ў чым не мае патрэбу, і за гэта ўдзячны ўладам. Адно яго засмучае, што кнігі і газеты чытаць не можа, зрок не той. Але ж выручае тэлевізар.
Юбіляр здзівіў гасцей добрай памяццю, бадзёрасцю духу і прагай да жыцця.
Алена КАРПУШЭНКА.