“Спартсменка. Камсамолка. І проста прыгажуня…”
Вынесены ў загаловак выраз героя кінафільма “Каўказкая палонніца” стаў крылатым ў канцы 60-ых і як нельга лепш характарызаваў актыўных дзяўчат-камсамолак. Міма іх не праходзіла ніводнае маладзёжнае творчае, спартыўна-масавае мерапрыемства, яны паспявалі ўсюды.
Знаёмства з Ірынай Сянкевіч падштурхнула прыпомніць менавіта гэты фільм, гэты час, гэту кіпучую няспыннасць моладзі 60-ых. Дзяўчына нават паходзіць на галоўную гераіню. Артыстычная, усмешлівая, гатовая да вандровак і прыгод. Не пужаюць яе і горы, дарэчы яна і там была, праўда не на Каўказе, а ў Карэліі. З сынам і добрымі сябрамі абралі менавіта такі летні адпачынак з вандроўкамі па вадзе і сушы, па гарах і лесе, з рыбалкай і палаткамі. І засталіся вельмі задаволеныя. Такі від адпачынку з элементамі спаборніцтваў прывівае Ірына і сваім вучням, яна працуе педагогам-арганізатарам у Лаўжанскай СШ. У суполцы з настаўнікам фізкультуры Мясаедавым Ю. М. не адзін год рыхтуюць старшакласнікаў да ўдзелу ў спаборніцтвах “Юных інспектараў дарожнага руху” (2-ое месца ў раёне), творчым конкурсе “Юныя выратавальнікі і пажарныя” (2-ое месца ў раёне), дзіцячай ваенізаванай гульні “Зарніца” (1-ае месца ў раёне і ў мінулым, і ў гэтым годзе, 1-ае і 3-яе адпаведна ў вобласці), дзіцячым раённым турыстычным злёце (1-ае месца).
Падчас удзелу ў такіх мерапрыемствах вучні павінны паказаць спартыўны азарт, кемлівасць, уменне жартаваць, пець, маляваць, “выжываць” у неспрыяльных умовах, быць спрытнымі, моцнымі, вынослівымі. І трэба сказаць, што рабяты з задавальненнем рыхтуюцца з настаўніцай, якая іх разумее і вядзе сябе з імі, як сапраўдны сябар, а не дрэсіроўшчык.
Мінулай восенню і зімой у складзе каманды раённай арганізацыі БРСМ Ірына ўдзельнічала ў абласной “Спартакіядзе актыву ГА БРСМ”, атрымала два медалі ў асабістым заліку за 3-ае і 1-ае месца адпаведна. Пастаянна прымае ўдзел у раённым турыстычным злёце ў складзе каманды ўстаноў адукацыі раёна.
Але не толькі спартыўна-масавымі мерапрыемствамі захапляе Ірына Ула-дзіміраўна вучняў. Не адзін год рыхтавала дзяўчат да ўдзелу ў конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў”, яна і сама пастаянная ўдзельніца самых розных раённых песенных конкурсаў. Спявае акапэльна народныя песні, і сучасныя з музычным суправаджэннем у яе выкананні таксама гучаць прыгожа. Ірына выступала і ў ролі вядучай раённага мерапрыемства па прафарыентацыі і на раённым фестывалі педагагічных работнікаў “Методыка. Вопыт. Творчасць.”, арганізаваных аддзелам адукацыі. Яна даўняя ўдзельніца вакальнай групы хору “Світанак” ГДК.
Сваю жыццёвую актыўнасць Ірына перадае і сыну Жэню, вучню СШ № 1. Вось і нядаўна яны ўдваіх выступалі на школьнай сцэне ў сямейным канцэрце, прымалі ўдзел у выставе насценных газет “Мая сям’я”. Маладая мама стараецца быць добрым сябрам свайму хлопчыку: разам на рыбалку, разам у вандроўку, разам на роліках. Сама добра авалодала камп’ютарам, сына навучыла, толькі хвалюецца, каб не заха-піўся празмерна. Сама водзіць аўтамабіль, неўзабаве будзе вучыць і Жэню.
Прыгожая і актыўная, сучасная і смелая Ірына Сянкевіч часта чуе ў свой адрас жартаўліва-добразычлівае: “Спартсменка. Камсамолка. І проста прыгажуня…”
Таццяна МАШАРСКАЯ.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.