На ахове Дзяржаўнай граніцы
Ва ўсе часы служыць у органах пагранічнай службы было прэстыжна і ганарова. Сярод нашых землякоў, якія сёння ахоўваюць Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь – Дзмітрый Гусакоў.
Дзмітрый родам з Шуміліна, пасля заканчэння Віцебскага каледжа электратэхнікі працаваў на «Віцязе».
– Служыць хацеў, – расказвае Дзмітрый. – Старэйшыя сябры былі пагранічнікамі і расказвалі, што трапіць сюды даволі складана. Для мяне было справай прынцыпу праходзіць тэрміновую вайсковую службу пагранічнікам. Быў вельмі задаволены, што трапіў у Полацкі пагранічны атрад.
Служыць Дзмітрый з восені 2022 года. Як сам прызнаецца, спачатку было даволі складана, бо трэба прывыкнуць да вайсковага жыцця. «Пагранічная служба шмат чаму навучала, – дзеліцца салдат. – Найперш уважлівасці, без яе пагранічнікам ніяк не абысціся, навучыла бачыць дробязі, на якія ў грамадзянскім жыцці ніколі не звяртаў увагі. Зразумела, навучыла дысцыпліне і адказнасці».
Месяц вучэбкі праляцеў як адно імгненне. А за тыдзень да прыняцця Ваеннай прысягі ў жыцці маладога папаўнення пагранічнай службы адбылася вельмі важкая падзея – цырымонія ўручэння асабістай зброі, з якой у далейшым пагранічнікі ахоўваюць Дзяржаўную граніцу. «Стаіш з аўтаматам у руках і разумееш, што на цябе дзяржава ўсклала абавязак першым абараняць Радзіму, – успамінае Дзмітрый. – Гэта не пафасныя
словы, гэта стан душы кожнага пагранічніка».
Полацкі пагранічны атрад ахоўвае ўчастак граніцы з Латвіяй і Літвой працягласцю каля 271 кіламетр (беларуска-латвійскі ўчастак складае больш за 172 км, з Літоўскай Рэспублікай – 98 км). За час, пакуль служыць Дзмітрый, былі і факты затрымання кантрабанды, і спробы нелегалаў перайсці граніцу. Былі і начныя выклікі ў складзе манеўровай групы на ўмацаванне ўчастка граніцы. Кожнае заданне было выканана паспяхова.
У Дзмітрыя Гусакова вясной закончыцца тэрміновая вайсковая служба. Са сваёй будучыняй хлопец пакуль не вызначыўся. «Магчыма, застануся на службе па кантракце, – кажа Дзмітрый. – Мяне ўсё тут задавальняе. Служба ў арміі мне многае дала. Пасталеў, узмужнеў, стаў больш спакойным і ўважлівым».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.