Найвялікшы народны скарб
«Мова – вялікі народны скарб» – гэтыя словы належаць беларускаму пісьменніку і драматургу Івану Мележу. Згодна з ім і настаўніца роднай мовы і літаратуры Шумілінскай СШ № 1 Галіна Міхайлаўна Масюкова.
Сваёй прафесійнай дзейнасці яна аддала 43 гады. Галіна Міхайлаўна пераканана, што няма больш мілагучнай і прыгожай мовы за беларускую. Яна робіць усё, каб наступныя пакаленні беларусаў таксама ведалі гэта.
– Чаму настаўніца беларускай мовы і літаратуры? – разважае Галіна Масюкова. – Сама віцяблянка. Летам заўсёды ездзіла да бабулі ў Верхнядзвінскі раён, а там усе гаварылі па-беларуску, і я міжволі пераходзіла на родную мову. А яшчэ ў сэрца запаў урок у школе, дзе вывучалі «Баладу пра чатырох заложнікаў» Аркадзя Куляшова, а пасля пайшлі ў музей Міная Шмырова. Напэўна, тады ўсё і пачалося. Калі прыйшоў час паступаць, сумненняў не было.
Час вучобы ў Віцебскім педінстытуце Галіна Міхайлаўна ўспамінае з асаблівай пяшчотай. І звязана гэта найперш з асобай выкладчыка Анатоля Канапелькі. «Як толькі Анатоль Мікалаевіч заходзіў у аўдыторыю, мы, студэнты, чакалі новых адкрыццяў і ўражанняў, – успамінае настаўніца. – Ён выкладаў у нас беларускую літаратуру, здаецца, расказваў вядомыя рэчы і факты, але заўсёды рабіў акцэнт на невядомае для нас. Ён любіў паўтараць, што ўсё ідзе ад настаўніка. І гэта сапраўды так».
Пасля размеркавання маладая настаўніца прыехала ў Шуміліна, якое стала для яе другой радзімай. Многія дзякуючы Галіне Міхайлаўне палюбілі родную мову і карыстаюцца ёй у дарослым жыц-ці. «Проста трэба любіць дзяцей і мову, – разважае Галіна Міхайлаўна. – Дзеці адчуваюць гэта. Яны цягнуцца да шчырасці».
Настаўніца прызнаецца, што ёй часам не хапае беларускамоўнага асяроддзя. Яна сама імкнецца ствараць яго вакол сябе: прыходзіць дадому, пачынае рыхтавацца да ўрокаў ці правяраць вучнёўскія сшыткі – уключае для фону тэлевізар з беларускамоўнымі перадачамі. Едзе ў горад да ўнукаў – накіроўваюцца разам у «Ляльку». Сустракае сваіх выпускнікоў – абавязкова размаўляюць па-беларуску.
– Ваш любімы празаік?
– Адназначна Іван Шамякін. Яго кнігі перачытваю пастаянна. Любімага твора няма, усё залежыць ад майго настрою.
– Любімы паэт?
– А вось тут складаней. Вельмі шмат хто падабаецца. Хаця вылучу Пімена Панчанку і Рыгора Барадуліна, ну, і канечне, жаночая лірыка Яўгеніі Янішчыц.
– Любімая кніга?
– «Жменя сонечных промняў» Янкі Брыля. Адкрываеш любую старонку – і атрымліваеш пазітыў, станоўчыя эмоцыі.
– Любімая музыка?
– Параўнальна нядаўна ўлюбілася ў групу «Дразды». Сакавітая беларуская мова, добрыя тэксты. Зараз толькі іх і слухаю.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.