Робата зрабіць і 3D-прынтар пабачыць
«Шумілінская СШ № 1 – школа Будучага, – пачала гутарку дырэктар школы Вольга Далецкая. – У нашых прапановах па адукацыйным турызме не хацелася нейкіх традыцыйных падыходаў з экскурсіямі па школе, канцэрцамі г. д. Усё-такі статус патрабуе іншага, так сказаць, перадавога і інавацыйнага. Вось і вырашылі, што для турыстаў будзем прапаноўваць праграму «Асновы робататэхнікі» і агляд «3D-прынтар».
Тым больш, што экскурсаводам выступае інжынер-праграміст школы Юлія Глаўдзель, якая не толькі выдатны праграміст, а і сваімі аповедамі зацікавіць самага недасведчанага ў сучасных тэхналогіях чалавека».
«Асновы робататэхнікі»
Экскурсійная праграма ў першую чаргу разлічана на сямейны адпачынак. Для майстар-класа прапаноўваецца набор «LEGO. WeDo 2.0». На першы погляд, гэта звычайны дзіцячы канструктар, з якога можна зрабіць і чалавечкаў, і жывёл, і машыны. «На самой справе з дэталяў неабходна сабраць мадэль, якая ў канцы заняткаў «ажыве», – расказвае Юлія Глаў-дзель. – З дапамогай датчыкаў і планшэта неабходна задаць пэўную праграму дзеянняў: машына аб’язджае перашкоды, пчала лётае над кветкай і інш».
Праграма разлічана на дзве гадзіны. Аптымальны варыянт наведвальнікаў –да 12 чалавек. Зразумела, што найбольш цікава будзе сем’ям, дзе ёсць дзеці ад 8 да 13 год, якія ў гэтым узросце пачынаюць праяўляць інтарэс да канструявання. Хаця, як адзначае Юлія Генадзьеўна, і бацькі з задавальненнем збіраюць мадэлі. Асабліва дзяцей уражвае, калі мадэль пачынае рухацца.
«3D-прынтар»
Пра 3D-прынтары большасць з нас чула, некаторыя цікавіліся ім у інтэрнэце, ужывую бачылі няшмат. Калі ёсць інтарэс –– накіроўвайцеся ў школу. Тут вам не толькі яго пакажуць, але і дадуць магчымасць зрабіць з яго дапамогай сувенір (ён застанецца ў вас на памяць). У планах кіраўніцтва школы ––наладзіць продаж надрукаваных на 3D-прынтары сувеніраў. Напачатку з турыстамі па тэлефоне дамаўляюцца пра тое, што зробіць 3D-прынтар. Ад гэтага залежыць працягласць і кошт, а таксама тое, які будзе паказвацца 3D-прынтар – вялікі ці маленькі. Невялічкі сувенір у форме значка друкуецца хвілін за 30, больш вялікі сувенір ці цацка – больш за дзве гадзіны.
«Як паказвае практыка, першыя 10 хвілін людзі проста закідваюць пытаннямі, – працягвае інжынер-праграміст. – Іх цікавяць і пластыкавыя ніткі, і тэмпература плаўлення, і магчымасці прынтара. Пры гэтым ходзяць вакол прылады кругамі».
Калі пытанні ад наведвальнікаў заканчваюцца, Юлія Глаўдзель расказвае пра 3D-прынтар, працэс раздрукоўкі рэчаў. Падчас гутаркі прыводзіць найбольш важныя моманты друкавання, каб зразумець работу прылады.
Магчыма, праз пэўны час робататэхніка і 3D-прынтары стануць паўсядзённасцю і будуць практычна ў кожным доме. Але навошта чакаць, калі ўжо сёння ёсць магчымасць пазнаёміцца з будучым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.