Чаго чакаць за лжывае паведамленне ў міліцыю?
На гэта пытанне адказвае старшы ўчастковы інспектар РАУС Дзмітрый Зубараў:
– За заведама лжывае паведамленне (у вуснай ці пісьмовай форме, па тэлефоне, па факсе, электроннай пошце) прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
Адказнасць за заведама лжывае паведамленне наступае з 14 гадоў. Згодна з арт. 19.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 15 БВ. Такія ж дзеянні, здзейсненыя паўторна на працягу года, цягнуць за сабой штраф у памеры ад 20 да 30 БВ.
Калі паступае заведама лжывае паведамленне пра тое, што рыхтуецца выбух, падпал або іншыя дзеянні, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей або прычыняюць урон у буйным памеры (наступлення іншых цяжкіх наступстваў), то ўзбуджаецца крымінальная справа. Згодна з арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Заведама лжывае паведамленне аб небяспецы» пагражае штраф або арышт, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі да 5 гадоў. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй дамоўленасці, або якія прывялі да ўрону ў асабліва буйным памеры ці цяжкіх наступстваў, пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Участковыя інспектары міліцыі дзяжураць па серадах у грамадскіх пунктах аховы правапарадку: з 10.00 да 13.00 – у сельскай мясцовасці і г. п. Обаль, з 17.00 да 20.00 – у Шуміліне.
Людміла ЗУЙКОВА.