Хто да бабулі ў вёску, а мы – на гурткі
Дзеці і ў час летніх канікулаў павінны быць занятыя карыснымі справамі, даводзяць нам, бацькам, выхавальнікі і настаўнікі. Вядома, добра, калі сын ці дачка знаходзяцца ў аздараўленчым лагеры. Але ж мала хто з бацькоў адпраўляе дзіця ў лагер на ўсе тры летнія месяцы. Некаторых выручаюць бабулі і дзядулі, якія заўсёды гатовы прыняць сваіх унукаў. Але ж не ўсім пашанцавала мець бабулю ў вёсцы. Так што некаторыя дзеці большую частку лета праводзяць у горадзе. “Вось на такіх і арыентуецца работа нашага цэнтра, – расказвае дырэктар цэнтра дзяцей і моладзі Р. А. Туманава. – Зараз нашы гурткі наведваюць амаль 170 хлопчыкаў і дзяўчынак. У нас вопытныя педагогі дадатковай адукацыі, якія ўмеюць заахвоціць дзяцей так, што тыя нават і дома плятуць, малююць, вышываюць”.
Запісацца ў гурткі, што працуюць пры цэнтры дзяцей і моладзі, можна не толькі мясцовым рабятам, але і прыезджым, якія, скажам, гасцююць тут месяц ці два. А ўвогуле пры цэнтры працуюць 13 гурткоў – па вязанні, дрэваапрацоўцы, лазапляценні і многія іншыя. Дзеці змогуць навучыцца гуляць у шахматы, рабіць прыгожыя вырабы з гліны, цеста і каляровай паперы. Нельга не адзначыць, што на працягу лета кіраўнікі гурткоў паказваюць майстар-класы ў розных школах раёна. Паступілі ўжо заяўкі з СШ №1, з Сіроцінскай і Мікіціхінскай школ.
Для падлеткаў цэнтр дзяцей і моладзі прапануе рознаўзроставы атрад “Імпульс” і псіхалагічную студыю “У Алены”. Яшчэ адзін рознаўзроставы атрад – “Дружба” – працуе ў СШ №2, сюды стараюцца прыцягнуць і так званых “цяжкіх” падлеткаў. А ўсяго па раёне, па падліках Р. А. Туманавай, летам працуе з паўсотню гурткоў. Задача іх кіраўнікоў – прыцягнуць да карысных і цікавых спраў як мага больш дзяцей.
Сваю разнастайную праграму на час летніх канікулаў прапануюць дзецям і работнікі Дома рамёстваў. Тут працуюць гурткі па саломапляценні, ткацтву, ласкутнай тэхніцы, вязанні і вышыўцы. Можна запісацца і ў “Батлейку” – узорны лялечны тэатр. Як расказала дырэктар Дома рамёстваў В. В. Загвоздава, зараз гурткі наведвае больш за паўсотню дзяцей. А ўвогуле Дом рамёстваў прапануе школьным аздараўленчым лагерам багатую праграму: тэатральныя прадстаўленні, лялечныя спектаклі, майстар-класы, аглядавыя экскурсіі па Доме рамёстваў.
Падрыхтаваліся да канікулаў і ў Доме культуры. Тут і летам працуюць тры танцавальныя гурткі, дзіцячая тэатральная студыя, узорная эстрадная студыя “Асарці”. А падлеткі могуць бавіць час у аматарскім аб’яднанні “Таццяна”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.