Хто, калі не мы?
У раённым конкурсе сацыяльных праектаў «Хто, калі не мы?» валанцёрскі атрад «Юнацтва» Мішневіцкай школы заняў першае месца. Праект «Дарогамі дабрыні» быў адпраўлены на абласны этап конкурсу, дзе мішневіцкія валанцёры ў намінацыі «Праект дапамогі» атрымалі дыплом ІІ ступені.
«У час хуткага рытму жыцця, час камп’ютараў і інтэрнэту простыя чалавечыя зносіны крыху адыходзяць на другі план, – кажа каардынатар праекта настаўніца Надзея Бабаева. – Адна з задач школы – навучыць дзяцей быць міласэрнымі, умець цаніць такія чалавечыя якасці, як дабрыня, дружба, прыстойнасць, дапамога, клопат пра бліжняга. Тры гады таму мы стварылі валанцёрскі атрад “Юнацтва”, адзін з накірункаў работы якога – дапамога адзінокім сталым людзям і ветэранам працы. Пра сваю работу дзеці і расказалі ў праекце “Дарогамі дабрыні”: як яны дапамагалі прыбірацца на падворках, уцяпляць вокны, складваць дровы, расчышчаць снег. Нямала дабрачынных акцый правялі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання сталых людзей і інвалідаў у Мішневічах».
Вучні самі праяўляюць ініцыятыву і прыходзяць на дапамогу падапечным пасля снегападаў, віншуюць іх са святамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
СЛОВА – ВАЛАНЦЁРАМ
Аляксандра Бацілава:
– Раней я была камандзірам цімураўскага атрада, а зараз узначальваю валанцёрскі атрад. Ветэранам працы мы дапамагаем ва ўборцы, пры неабходнасці ходзім у магазін ці аптэку. Правялі акцыю «Дом без адзіноты» ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання сталых людзей і інвалідаў, для адзінокіх людзей арганізоўвалі акцыі «Цуды на Раство» і «Рукавічка дабрыні». Ветэранаў працы віншавалі на Дзень настаўніка і Дзень пажылых людзей.
Паліна Каранеўская:
– Я ганаруся тым, што з’яўляюся валанцёрам. Зімой мы дапамагалі сталым людзям у Мішневічах і Сураўнях расчышчаць снег на падворках: прымалі ўдзел у акцыях «Дарожка» і «Чысты двор». Мне было вельмі прыемна бачыць удзячныя ўсмешкі нашых падапечных.
Уладзіслаў Івашчанка:
– Мы прыбіраем на брацкіх могілках, ля помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. На сакавік запанавана акцыя «Падары вясенні настрой». Мне і маім аднакласнікам вельмі прыемна дапамагаць бабулям і дзядулям. Мы разумеем, што робім важную і патрэбную справу.