«Дасягненні кожнага – поспех усёй вобласці»
Ушанаванне лепшых працаўнікоў Віцебшчыны прайшло 9 лютага ў Віцебскай абласной філармоніі. Удзел ва ўрачыстасцях брала дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам і старшынёй райсавета дэпутатаў Мікалаем Будневічам.
Ушаноўваць лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» стала ганаровай і прыгожай традыцыяй, адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, адкрываючы цырымонію ўзнагароджання. Ва ўсе часы добрасумленная праца, майстэрства і талент фарміруюць аўтарытэт чалавека, падкрэсліў ён. Сярод сёлетніх лаўрэатаў шмат людзей рабочых спецыяльнасцяў: слесараў, тынкоўшчыкаў, муляраў, ткачоў, вадзіцеляў, аператараў, трактарыстаў, якія гэтак жа важныя ў нашым грамадстве, як і ўрачы, настаўнікі, інжынеры, аграномы.
Аляксандр Міхайлавіч назваў сімвалічным, што мерапрыемства праходзіць у перыяд піку электаральнай кампаніі, калі ідзе перадвыбарная агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. «Гэта важнейшы этап у палітычным жыцці нашай краіны, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. – Кожны з нас – выбаршчык, і кожны з нас мае права ўсвядомлена зрабіць свой выбар у інтарэсах нашай Беларусі і нашага народа. І мы зробім гэта 25 лютага ў імя нашай будучыні».
Віцебская вобласць закончыла 2023 год са станоўчай дынамікай у асноўных галінах эканомікі. Валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся на 3% да ўзроўню 2022 года. На развіццё вытворчай і сацыяльнай сфер вобласці накіравана больш за 3 мільярды рублёў інвестыцый, з іх больш за трэць – у прамысловы сектар.
У бягучым годзе вобласць захоўвае лідзіруючыя пазіцыі па паказчыках экспарту: па экспарце тавараў – першае месца, па экспарце паслуг – трэцяе. Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляюцца са 115 краінамі. У мінулым годзе прадукцыя пачала пастаўляцца на новыя рынкі – у Гану, Ганконг, Емен, Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку, Мальту, Марока, Непал.
Сёлетні год аб’яўлены Годам якасці, нагадаў Аляксандр Субоцін. Гэта дае нашым прадпрыемствам вялікія магчымасці для развіцця ў інавацыйнай сферы, паляпшэння вырабляемай прадукцыі, а кожнаму кіраўніку – удасканальваць работу на месцах.
«Мы павінны рабіць усё магчымае, каб ганарыцца сваім краем. Якасць – гэта не толькі прамы паказчык канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг, але і сведчанне нашага патрыятызму, – звярнуўся да прысутных кіраўнік вобласці. – Дасягненні кожнага з вас – гэта поспех усёй вобласці. Перакананы, што толькі на адказных адносінах да работы можна здзяйсняць маштабны прарыў, рашаць амбіцыёзныя і самыя смелыя задачы».
А. М. Субоцін павіншаваў лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» з заслужаным прызнаннем і падзякаваў за самаадданую працу, ініцыятыву, наватарства, адказную грамад-зянскую пазіцыю, уручыў дыпломы.
Аказаны гонар выходзіць на галоўную сцэну і нашаму земляку Леаніду Братаву, тынкоўшчыку Шумілінскай ПМК-70. Так высока была ацэнена добрасумленная і адказная работа будаўніка за 2023 год.
За 11 месяцаў прадукцыйнасць працы па брыгадзе аддзелачнікаў, якую ўзначальвае Леанід Братаў, склала 121%, у тым ліку прадукцыйнасць непасрэдна яго працы – 154%.
Не толькі ўладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2023» ушаноўвалі ў гэты дзень. Інтрыгай цырымоніі стала прысваенне звання «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска» старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта з 1994 па 2008 гады Уладзіміру Андрэйчанку. Такую высокую ўзнагароду Уладзімір Паўлавіч атрымаў за шматгадовую плённую працу ў органах дзяржаўнага кіравання, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у дзяржаўнае будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнае развіццё горада Віцебска.
Урачыстасці завяршыліся яркім і самабытным прадстаўленнем «Каляда», які прадставіў ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» Віцебскай абласной філармоніі.
Да слова. Прэмія «Чалавек года Віцебшчыны» ўручаецца штогод з 2009 года. Яе лаўрэатамі за гэты час сталі больш за 700 чалавек паўночнага рэгіёна краіны з усіх сфер дзейнасці.
На Шуміліншчыне з 2009 года звання лаўрэата ўдастоена 25 чалавек.
Алена КАРПУШЭНКА.