Незаконныя трафарэты
Супрацоўнікі праваахоўных органаў занепакоены: з пачатку студзеня ў райцэнтры выяўлена восем незаконных надпісаў з адрасамі інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў і псіхатропаў – на агароджах і дзвярах дамоў і будынкаў на вуліцах Мясаедава, Новая, Шумілінская і інш.
«Рэклама такога характару стала сустракацца даволі часта ў розных гарадах краіны, – кажа оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Аляксандр Мікулевіч. – Як правіла, куратары інтэрнэт-магазінаў прапаноўваюць незаконны заробак і падлеткам, і дарослым. Надпісы на фасадах будынкаў наносяцца ўначы пры дапамозе аэразольных балонаў з фарбай і загадзя вырабленых трафарэтаў. Дзякуючы аператыўным мерапрыемствам супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі незаконных трафарэтчыкаў па ўсіх студзеньскіх выпадках. Імі аказаліся двое мужчын: адзін – з Віцебска, другі – з Гарадка, яны працавалі на пару».
Што пагражае за несанкцыянаваныя надпісы? Згодна з арт. 11.3 КаАП за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці з уронам у нязначным памеры прадугледжаны штрафы да 30 БВ. У выпадку, калі ўрон будзе прызнаны значным, незаконныя дзеянні падпадаюць пад крымінальную адказнасць. У прыватнасці, арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці» пагражае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.
Калі высветліцца, што «трафарэтчыкі» звязаны яшчэ і з распаўсюджваннем наркотыкаў, то іх дзеянні будуць кваліфікаваны па арт. 328 Крымінальнага кодэкса «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў» (за распаўсюджванне без мэты збыту пагражае пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў).
«Жыхарам раёна варта быць вельмі асцярожнымі, калі прапануюць падзарабіць у інтэрнэце, – папярэджвае Аляксандр Мікулевіч. – Павінны насцярожыць выразы тыпу “творчая работа”, “фотасправаздачы”, “канфідэнцыяльнасць”. Хутчэй за ўсё размова ідзе пра хітрыкі наркадылераў, якія прапануюць чалавеку стаць кур’ерам, трафарэтчыкам ці закладчыкам».
Ларыса КІСЯЛЁВА.