Даўгі – у парадку чарговасці
Бываюць выпадкі, калі ў адносінах да аднаго і таго ж даўжніка ўзбуджаецца некалькі выканаўчых спраў, на маёмасць даўжніка ў межах агульнай сумы спагнання і мяркуемых расходаў накладаецца арышт. Ён дазваляе выканаць усе выканаўчыя дакументы, незалежна ад арыштаў маёмасці даўжніка, зробленых, каб выканаць іншы іск. Пры недастатковасці спагнаных з даўжніка грашовых сродкаў для задавальнення ўсіх патрабаванняў па выканаўчых дакументах гэтыя грашовыя сродкі размяркоўваюцца паміж спагнальнікамі ў парадку чарговасці.
Згодна з арт. 534 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у першую чаргу задавальняюцца патрабаванні па спагнанні аліментаў; патрабаванні па спагнанні расходаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні; патрабаванні па вяртанню ўрону, учыненага жыццю ці здароўю грамадзяніна.
У другую чаргу задавальняюцца патрабаванні работнікаў, якія выцякаюць з працоўных праваадносін; патрабаванні членаў вытворчых кааператываў, калектыўных і арэндных прадпрыемстваў, звязаных з аплатай працы; патрабаванні аб выплаце аўтарскага ўзнагароджання.
У трэцюю чаргу задавальняюцца патрабаванні па падатках і зборах; патрабаванні страхавых арганізацый па абавязковаму страхаванню; патрабаванні па вяртанні ўрону, учыненага злачынствам ці адміністрацыйным правапарушэннем юрыдычным асобам.
У чацвёртую чаргу задавальняюцца патрабаванні па сацыяльнаму страхаванню і патрабаванні грамадзян па вяртанню ўрону, учыненага іх маёмасці злачынствам ці адміністрацыйным правапарушэннем, а таксама забяспечаныя залогам патрабаванні аб спагнанні з кошту закладзенай маёмасці.
У пятую чаргу задавальняюцца ўсе астатнія патрабаванні. Патрабаванні кожнай наступнай чаргі задавальняюцца пасля поўнага пагашэння патрабаванняў папярэдняй. У выпадку недастатковасці спагнаных грашовых сродкаў для поўнага задавальнення ўсіх патрабаванняў адной чаргі гэтыя патрабаванні задавальняюцца прапарцыянальна належачай кожнаму спагнальніку суме.
А. ЯСТРАБАВА, судовы выканаўца суда Шумілінскага раёна.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010