День снега прошел в Шумилино

Молодёжь Новости Общество Спорт, туризм

Міжнародны дзень снегу шумілінцы адзначылі на гарадскім стадыёне ў суботу, 20 студзеня.Адзначылі  весела, актыўна і цікава.

Першымі на месца гулянняў прыбылі ўдзельнікі конкурсу снежных фігур «Чароўны снег». Усяго снежныя скульптуры ляпілі 123 удзельнікі з 15 каманд. Адны з дапамогай снежкалепаў выраблялі ідэальна круглыя снежкі, другія іх фарбавалі ў розныя колеры, трэція фарміравалі вялізныя фігуры. За некалькі гадзін на стадыёне з’явіліся некалькі драконаў, парачка жывёл, сімпатычны ўдаў і інш. Фота кампазіцый і сэлфі на іх фоне хутка разляцеліся па сацыяльных сетках.

Журы доўга не магло вызначыцца з пераможцамі – усе работы былі па-свойму адметнымі. Першыя месцы ў намінацыі было вырашана аддаць камандам з раённага цэнтра дзяцей і моладзі і Шумілінскай СШ № 1, другія – з Шумілінскай СШ № 2 і УП ЖКГ, трэція – з СШ № 1.

Спартыўная частка свята сабрала амаль сотню прадстаўнікоў 15 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у стральбе па біятлоннай мішэні, у спаборніцтвах па гарадошным спорце ці проста пакатацца на катку. Ну, і канечне, паўдзельнічаць у лыжнай эстафеце, якая стала добрай рэпетыцыяй «Шумілінскай лыжні», што пройдзе ў пачатку лютага ў Шуміліне. Перамаглі ў эстафеце лыжнікі Обальскай СШ.

Вельмі відовішчнай выдалася сямейная эстафета «Нашы санкі едуць самі», у якой прынялі ўдзел сем’і Пучынскіх, Асяпёнак, Галунцовых і Антонавых. Трэба было бачыць і перацягванне каната на санках. Быў і такі конкурс, і сімвалічна, што ў ім перамагло сяброўства – так «вырашыў» канат, які парваўся…

«Толькі станоўчыя эмоцыі, – падзяліўся пасля эстафеты адзін з яе ўдзельнікаў Аляксандр Пучынскі. – Быццам вярнуўся ў бестурботнае дзяцінства. І наогул, што можа быць лепш за сямейны адпачынак?».

Шмат дзяцей сабрала гульнявая забаўляльная праграма ад работнікаў раённага цэнтра культуры. Ну, а калі нехта падмёрз на свяце, папіць гарбаты і пачаставацца ласункамі можна было ў імправізаваным зімнім кафэ «Дамашні перакус ў снегавіка Тошы». Працаваў на свяце і кірмаш рамеснікаў, дзе можна было набыць прыгожыя валёнкі, рукавічкі, цацкі і многае іншае.

Напрыканцы свята шумілінскія юныя хакеісты запрасілі на лядовыя баталіі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *