Шумилинский профсоюз активно участвует в избирательной кампании

Новости Общество

Выбарчая кампанія, водпускі і кантракты – гэтыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі падчас прафсаюзнага прававога прыёму, які ў Шумілінскай ПМК‑70 правяло раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з прававым інспектарам Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Дзянісам Фурсавым і пракурорам Шумілінскага раёна Іванам Волчыкам.

Перад калектывам ПМК‑70 выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава і расказала пра асаблівасці правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія адбудуцца ў адзіны дзень галасавання – 25 лютага 2024 года.

Хто мае права галасаваць? «Выбарчая кампанія пройдзе пад дэвізам “Выбіраем разам!”, – адзначыла Наталля Уладзіміраўна. – Выбарчым правам валодаюць дзеяздольныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту (акрамя асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ці прызнаныя недзеяздольнымі). У галасаванні за кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў таксама могуць прымаць удзел грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь».

Колькасць бюлетэняў. Улічваючы, што ў адзіны дзень галасавання будуць выбірацца дэпутаты ўсіх узроўняў, на выбарчых участках людзі атрымаюць па 2-4 бюлетэні ў залежнасці ад месца пражывання. Напрыклад, у райцэнтры бюлетэняў будзе тры: па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, абласнога Савета і раённага Савета. А ў сельскай мясцовасці дабавіцца яшчэ і чацвёрты бюлетэнь – па выбарах дэпутата ў сельскі Савет дэпутатаў.

Калі галасаваць? Можна прагаласаваць на ўчастку ў дзень выбараў 25 лютага 2024 года з 8.00 да 20.00 гадзін. Выбаршчык мае права прагаласаваць і датэрмінова – з 20 па 24 лютага (выбарчыя ўчасткі ў гэтыя дні будуць працаваць з 12.00 да 19.00 гадзін без перапынку). Калі выбаршчык па стане здароўя не можа прыйсці на ўчастак для галасавання, трэба звярнуцца (вусна або пісьмова) ва ўчастковую камісію падчас яе работы, а ў дзень выбараў – у камісію да 18.00 з просьбай арганізаваць галасаванне на даму.

Абноўленым выбарчым заканадаўствам устаноўлена забарона на вынас выдадзеных бюлетэняў за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўлення фота – і відэаздымання запоўненага бюлетэня. За парушэнне гэтай нормы пагражае адміністрацыйная адказнасць (штраф да 15 БВ).

Другая частка мерапрыемства была прысвечана прававому прыёму. Да прафсаюзнага юрыста паступіла шэсць пытанняў, які тычыліся тэрмінаў працоўных водпускаў і выплаты адпускных. Работнікі ПМК‑70 цікавіліся, у якіх выпадках можна разлічваць на матэрыяльную дапамогу ад прафсаюза, які парадак прадастаўлення сацыяльных водпускаў. На ўсе пытанні былі дадзены кампетэнтныя адказы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *