Ва ўсіх установах адукацыі краіны ў 1-11 класах прайшоў адзіны ўрок «Ала – сястра Хатыні», прысвечаны 80-годдзю трагедыі ў вёсцы Ала Гомельскай вобласці.
14 студзеня 1944 гола ў вёсцы Ала загінула 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей. Людзей спальвалі жывымі ў пабудовах, а тых, хто вырываўся, закідвалі гранатамі і накіроўвалі на іх сабак – жудасныя звесткі данеслі настаўнікі Шумілінскай СШ № 2 да дзяцей. У класах стаяла цішыня, словы краналі да глыбіні душы. Кожны асэнсоўваў пачутае, а потым і ўбачанае ў публіцыстычным фільме пра маленькую вёску Ала і яе жыхароў.
У Але, размешчанай у глухой мясцовасці, да вайны жылі 168 чалавек у 34 дварах. Ратаваліся тут ад фашыстаў таксама жыхары суседніх дванаццаці вёсак.
У той страшны дзень вёска крычала, плакала, стагнала ад болю. Да вызвалення Чырвонай Арміяй Ала не дажыла два тыдні. Адным са сведкаў трагедыі быў Арцём Усціменка, які знаходзіўся ў партызанскім атрадзе і якраз 14 студзеня вырашыў прыйсці дадому. Здалёк бачыў, як карнікі распраўляліся з землякамі.
Пасля вайны вёска не адрадзілася. На брацкай магіле быў усталяваны помнік – скульптура салдата з вянком. А ў 2020 годзе быў узведзены мемарыяльны комплекс «Ала». У яго цэнтры – сімвалічныя крыж і звон, побач – званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага хлява з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх загінулі.
Вёска Ала – гэта амаль 12 Хатыняў, гэта трагедыя і боль беларусаў, гэта наша гісторыя, якая прымушае задумацца, што самае важнае і самае каштоўнае – гэта мір, які мы павінны зберагчы для будучых пакаленняў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.