Доска почета Шумилинского района. Инженер по охране труда ОАО «Приозёрный мир» Светлана Шустрова

Людзі і лёсы Общество Сельское хозяйство

Як трымаць на кантролі выкананне нарматыўных прававых актаў па ахове працы, праводзіць прафілактычную работу па папярэджанні вытворчага траўматызму – гэта дакладна ведае інжынер па ахове працы ААТ «Прыазёрны мір» Святлана ШУСТРОВА, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Родам з вёскі Маркава, Святлана Шустрова па накіраванні ад калгаса «Праўда» паступіла вучыцца на агранамічны факультэт Горацкай сельгасакадэміі. Некаторы час працавала галоўным аграномам у калгасе імя Мічурына, калі выйшла замуж, вярнулася ў родную гаспадарку аграномам. Маладой сям’і ў Амбросавічах выдзелілі дом, дзе разам з мужам Паўлам нарадзілі і выхавалі дваіх сыноў і дзе жывуць зараз.

Калі ў 1997 годзе пасаду скарацілі, С. П. Шустровай прапанавалі пайсці працаваць інжынерам па ахове працы. Работа была новая і незнаёмая, не ведала, кажа, з чаго пачынаць. «Вучылася падчас праверак і маніторынгаў, на сваіх і чужых памылках, – усміхаецца жанчына. – Заўсёды першачарговую ўвагу ўдзяляла людзям: стварэнню бяспечных умоў працы, прадастаўленню кампенсацый па шкодных умовах працы, правядзенню патрэбных інструктажаў. Сачу, каб сельскагаспадарчыя аб’екты былі забяспечаны вогнетушыцелямі і аптэчкамі, каб своечасова выдавалася спецадзенне. Галоўную задачу бачу ў тым, каб работнікі гаспадаркі былі жывыя і здаровыя, каб працаваць было камфортна». За тры апошнія гады ў гаспадарцы не было выпадкаў вытворчага траўматызму – значыць, прафілактычная работа С. Шустровай са знакам якасці.

Святлана Шустрова пачынае свой рабочы дзень у сем гадзін раніцы. Правярае механізатараў і вадзіцеляў праз алкатэстар, выдае пуцявыя лісты, выпускае тэхніку на лінію. Адказвае за вядзенне табелю рабочага часу слесараў, вартаўнікоў, механізатараў і вадзіцеляў, налічвае заробак па рамонтнай майстэрні. Інжынер задаволена, што кіраўніцтва гаспадаркі разумее важнасць аховы працы і ідзе насустрач: выдзяляе грошы на пакупку спецадзення і сродкаў індывідуальнай аховы для людзей, якія працуюць на пратручванні і пры ўнясенні тукаў.

Амаль дзесяць гадоў Святлана Пятроўна працуе на пасадзе грамадскага інспектара па ахове працы. Яна ажыццяўляе кантроль за выкананнем умоў калектыўнага дагавору паміж наймальнікам і прафсаюзам, удзельнічае ў правядзенні праверак па ахове працы па фермах, мехдварах, складах.

А тры гады таму ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы заняла другое месца ў намінацыі «Грамадскі інспектар», за што ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК атрымала грамату і прэмію.

«Святлана Пятроўна, якая працуе на сваёй пасадзе ўжо 25 гадоў, – прафесіянал сваёй справы, талковы і адказны. З ёй лёгка працаваць, – кажа дырэктар ААТ «Прыазёрны мір» Мікалай Жыгуноў. – Яна перадае свой вопыт маладым, з’яўляецца іх настаўнікам і дарадчыкам».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *