Акцыя «Нашы дзеці». Усмешкі дзяцей – найвялікшая ўдзячнасць
У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» 28 снежня ў РЦК прайшла раённая ёлка, на якую былі запрошаны больш за 160 дзяцей з усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Гэта пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, а таксама дзеці з мнагадзетных, няпоўных, малазабяспечаных сямей.
«У кожнага з вас ёсць мары, імкненні, жаданні, якія хочацца рэалізаваць хутчэй, – звярнуўся да дзяцей старшыня райвыканкама Сяргея Галынчык. – Я хачу, каб Новы год падарыў вам здзяйсненне самых запаветных жаданняў, каб ваша дарога ў 2024 годзе была роўнай і гладкай, каб наступны год прынёс вам поспехі ў вучобе, новыя творчыя і спартыўныя перамогі. А для нас, дарослых, самая вялікая ўдзячнасць – гэта ўсмешкі на вашых тварах. Са святам вас! З Новым 2024 годам!».
Удзельнікі ранішніка паглядзелі спектакль-казку «Як Кашчэй Несмяротны на Васілісе жаніўся», пастаўленую народным тэатрам раённага цэнтра культуры.
А работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі прапанавалі вялікую гульнявую і забаўляльную праграму. Дзеці радасна і захоплена падтрымлівалі вядучых і Дзеда Мароза са Снягуркай, танцавалі, спявалі, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў гульнях і вадзілі карагод вакол ёлкі. Напрыканцы ранішніка не абышлося без абавязковых зараз сэлфі з галоўнымі навагоднімі персанажамі. Вясёлыя ўсмешкі дзяцей былі лепшай адзнакай арганізатарам святочнай акцыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.