Не одно поколение обольчан выучила Т. А. Морозова за 35 лет работы в школе

Людзі і лёсы Образование

“Школай жыла. Дзякуючы мужу і свекрыві”
Чалавек любіць увагу. Любіць, каб помнілі, які след ён пакінуў на зямлі. Упэўнены: не забываюць  былыя вучні Таццяну Аляксандраўну Марозаву, што яна зрабіла ў свой час для іх сталення, узмужнеласці, як настойліва і цярпліва вучыла іх фізіцы і матэматыцы. І не толькі былыя вучні — тыя маладыя настаўніцы, якіх давялося Т. А. Марозавай весці па настаўніцкай сцяжыне будучы завучам Обальскай СШ. Адна з “былых” — Л. М. Жураўлёва — прыехала ў Обаль выкладаць матэматыку. Маладая, энергічная, здаецца, горы зверне. Але практыка на “нулі”, а патрабаванні жорсткія. І тут завуч не назойліва так, далікатна,  але настойліва ўзялася тлумачыць “зялёным” настаўнікам азы педагагічнай “кухні”. Помніць настаўніца тыя ўрокі, тую вучобу, на якую не шкадавала часу Таццяна Аляксандраўна.
Якраз з Обальскай школы (прыйшла Т. А. Марозава на сталую працу ў 1953-м) яе, руплівіцу, прызначаюць завучам  Даўманскай васьмігодкі. Вось там, у невялічкім калектыве, умелі працаваць і святкаваць. А пасля ўзбуйнення Обальскай школы, зноў жа на пасадзе завуча, Т. А. Марозава адчула, што работа забірае яе ўсю. Да рэшты. Мала таго, што абавязкі завуча, дык і грамадскіх спраў па самае горла. Да таго, яна — член партыі. Без гэтага тады не было росту па службе. І вось неўзабаве камуністы аказваюць ёй вялікі гонар: выбіраюць сакратаром партарганізацыі.
Усё гэта сёння ў мінулым. Але засталіся ўспаміны, засталося нешта цёплае і кранальнае на сэрцы. І ад таго, што патрэбна была яе праца іншым (не толькі вучням), што ніяк бы яна не адбылася як педагог, калі б не муж і не свякроў. Свякроў завяла карову, свіней, відаць, разлічвала на нявестчыну дапамогу, а пасля паглядзела, які ў яе рабочы рэжым, і змагалася з гаспадаркай сама.
Таццяна Аляксандраўна прызнаецца: школу яна пакідала апошняй, усё адно брала з сабой  тое, што “гарэла”, і сядзела пад лямпай да паўночы. Мабыць, таму, што адчула цяжар такіх клопатаў,  вырашыла пайсці на пенсію, як і належыць, у 55. Не атрымалася: у райкаме партыі папрасілі папрацаваць яшчэ год. А 35 гадоў аддаць школе — гэта нямала. І калі б толькі весці ўрокі, навучаць фізіцы, а то было шмат клопатаў,  якія сёння інакш не назавеш, як мітусянінай. Дачка Надзея вучылася выдатна, закончыла школу з залатым медалём. Аднак перад яе паступленнем у медыцынскі (тады трэба было здаваць чамусьці экзамен і па фізіцы) Таццяна Аляксандраўна разумее, што прыспела пара “падцягнуць” дачку па дысцыпліне. “Што было б, каб Надзя праваліла фізіку, я не ведаю, — прызнаецца Т. А. Марозава. — Напэўна, не даравала б такога ўсё жыццё. І сядзелі дома крукам, і паехала яна ў Віцебск, а я следам. Сядзела пад дзвярыма ў аўдыторыі і дрыжэла. А выскачыла шчаслівая дачка, дык заплакала. Вядома, ад радасці…”.
Сёння дачка тэрапеўт, працуе ў Оршы. У яе двое дзяцей. Дарослыя ўжо, а без сваіх сямей.  Непакоіцца Таццяна Аляксандраўна — хаця б дачакацца праўнукаў (вось ужо і юбілей на носе — 80 гадоў!), а ўнукі толькі пасміхаюцца. Унук нават заявіў:”Пакуль не выплачу крэдыт — не жанюся”. А крэдыт ён браў, каб купіць сабе аўто. Ён вязе бабулі “смачненькага”, каб тая на свой юбілей пачаставала сваіх даўніх сябровак. Ёсць з кім пасядзець, адвесці душу. Гэта і Валянціна Пятроўна Старыковіч, і Валянціна Паўлаўна Сураўнёва, і Надзея Пятроўна Мільнова.  Пасядзяць за кубкам кавы ці чаю, можа,  разгавеюцца на бакал шампанскага. Муж, Генадзь Паўлавіч, возьме з нагоды жончынага юбілею келіх добрага каньяку. Зяць прывёз.
Пасядзяць за сталом. Таццяна Аляксандраўна, магчыма, згадае дзяцінства, апаленае вайной, раскажа, як пасля вайны яна дзесяць гадоў вучобы правяла ажно ў шасці школах, па ўсіх прасторах вялікай краіны. Бо бацька быў ваенным, а затым, у пасляваенны час, доўга і пакутліва шукаў для сям’і шчаслівай долі. “Прыбіліся” да ўскраіны Полацка, і сёння Т. А. Марозава лічыць Полацк сваёй радзімай. Другой роднай мясцінай, не менш шчаслівай, стала для яе мястэчка Обаль, дзе  знайшла сваё шчасце. І як жанчына, і як маці, і як настаўніца.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №44 ад  05.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *