Карэктныя і чыстыя дадзеныя, без скажэнняў
Менавіта зыходзячы з гэтых патрабаванняў павінны падавацца статыстычныя дадзеныя па ўсіх сферах дзейнасці. На гэта звярнула ўвагу старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Іна Мядзведзева, якая 13 снежня падчас наведвання Шумілінскага раёна правяла рабочую нараду з кіраўніцтвам раёна, райсельгасхарчу і сельскагаспадарчых арганізацый па пытаннях здачы дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці па жывёлагадоўлі.
Як паказвае практыка, заўважыла Іна Віктараўна, пытанняў тут не толькі многа, а вельмі многа. Скажэнні і недакладнасці найперш не даюць магчымасці прымаць кіруючыя арганізацыйныя рашэнні як старшыні райвыканкама, так і Прэзідэнту краіны.
Кіраўнік Белстата спынілася на тыповых памылках, якія дапускаюць рэспандэнты пры складанні форм дзяржаўнай статыстыкі. Асаблівую ўвагу ўдзяліла пытанням падзяжу буйной рагатай жывёлы, прывагам, рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна давалі тлумачэнні па выказаных у іх адрас крытычных заўвагах.
Пасля І. В. Мядзведзева адказала на пытанні ўдзельнікаў нарады, узняла пытанне электаральнай кампаніі, Адзінага дня галасавання, які пройдзе 25 лютага, падзякавала за сумесную работу.
У гэты ж дзень старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны наведала Башнёўскі ФАП, дзе азнаёмілася, як на месцах ідзе выкананне даручэнняў Кіраўніка краіны па забеспячэнні даступнасці медпаслуг для мясцовага насельніцтва.
Алена КАРПУШЭНКА.