«Машынкі шчаслівага дзяцінства»
У музеі «Беларуская хатка» Амбросавіцкай БШ у лістападзе працавала выстава «Машынкі шчаслівага дзяцінства», якая была арганізавана па ініцыятыве актыву школьнай піянерскай дружыны і кіраўніка музея Раісы Міхайлаўны Шкурко. Наведаць яе мог любы жадаючы. У зборы цацак удзельнічалі як вучні школы, так і педагогі.
Усяго на выставу было прадстаўлена больш за 100 машынак розных відаў і гадоў выпуску. Былі тут механічныя машынкі і матацыклы, сельскагаспадарчая, спецыяльная, будаўнічая, ваенная тэхніка, пасажырскі і спартыўны транспарт. Памяшканне ператварылася ў гульнявы пакой-транспартны парк, і наведвальнікам была дадзена магчымасць не толькі патрымаць цацкі ў руках, але і пагуляць з імі. Гэтым, канешне, і скарысталіся вучні пачатковых класаў і дашкольнікі.
А вось старшакласнікаў асабліва ўразіла калекцыя 24 легкавых машынак, якую прадставіў педагог школы Іван Анатольевіч Рамановіч, якую ён збіраў, калі быў студэнтам. У калекцыі прадстаўлены машыны, на якіх ездзіла кіраўніцтва былога СССР, рарытэтныя “Москвичи”, “ИЖ і “Жигули”, унікальныя “ГАЗ-А” і “ЗиС”, больш рэдкія “Запорожец”, “КИМ” і “СМЗ-СЗД.
Для дарослых наведванне выставы вярнула ва ўспаміны пра шчаслівае дзяцінства, хоць і прайшло яно без такіх прыгожых цацак. Так што выстава прынесла задавальненне як наведвальнікам, так і яе арганізатарам.
Ірына РАБЧАЕВА,
вучаніца 8 класа Амбросавіцкай БШ.