«Цуд навагодніх паштовак»
Паўдзельнічаць у акцыі-выставе «Цуд навагодніх паштовак» запрашае Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Для многіх з нас Новы год асацыіруецца з цёплай і незабыўнай атмасферай зімовага свята, шолахам фальгі ад цукерак, яркай мішурой і, вядома ж, добрым голасам Дзеда Мароза, у мяшку якога схаваныя запаветныя падарункі для кожнага.
У Новы год усе чакаюць цёплых слоў і шчырых пажаданняў. І, вядома, дораць іх у адказ. І хоць сёння пасланні на паперы замянілі віртуальныя віншаванні ў сацыяльных сетках і месенджарах, навагодняя віншавальная паштоўка стала сімвалам цэлай эпохі і аб’ектам для калекцыянавання. Яшчэ зусім нядаўна падпісаць паштоўку да свята і адправіць яе па пошце было абавязковай традыцыяй.
«Усім жыхарам і гасцям раёна прапануем разам стварыць выставу навагодніх паштовак, якая будзе прадстаўлена ў выставачнай зале музея, – запрасіла дырэктар установы Святлана Іванова. – Упэўнена, што акцыя прынясе ўдзельнікам радасныя імгненні і часцінку навагодняга чараўніцтва».
Паштоўкі варта прынесці ў музей да 20 снежня па адрасе: г. п. Шуміліна, вул. Кароткіна, 14а. Даведкі можна атрымаць па тэл. 5 84 02.
Як адзначылі супрацоўнікі музея, уладальнікі самых старадаўніх, незвычайных і крэатыўных паштовак будуць заахвочаны навагоднімі сувенірамі.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.