На тонкім лёдзе і без ратавальнай камізэлькі?
Як паказвае практыка, далёка не ўсе жыхары раёна ведаюць правілы бяспечных паводзін на лёдзе, ад выканання якіх у першую чаргу залежыць жыццё. А галоўнае правіла наступнае – забараняецца выходзіць на водныя аб’екты ў перыяд утварэння або разбурэння лядовага пакрыцця, а таксама да таго часу, пакуль таўшчыня лёду дасягне 7 см.
На жаль, гэта ўлічваюць не ўсе рыбакі. Так, першая ў Віцебскай вобласці трагедыя на лёдзе адбылася 6 снежня ў Міёрскім раёне, дзе на возеры патануў 49-гадовы мужчына, які лавіў рыбу. Ён праваліўся і пайшоў на дно, на лёдзе засталіся толькі рыбалоўныя снасці. Цела мужчыны знайшлі работнікі таварыства ратавання на водах на глыбіні каля сямі метраў. Пункт 40 Правілаў аховы жыцця людзей на водах гаворыць пра тое, што грамадзяне пры выхадзе на лёд, у тым ліку і для ажыццяўлення рыбалоўства з лядовага пакрыцця, абавязаны апранаць ратавальную камізэльку. Калі яна будзе адпавядаць памерам, то забяспечыць патрэбную плывучасць у вадзе з улікам сумарнай масы цела і адзення.
Дарэчы, ігнаруюць дадзеныя правілы і ў нашым раёне. Падчас правядзення рэйдавых мерапрыемстваў выяўлены факты знаходжання рыбакоў на тонкім лёдзе. Вынесена 20 папярэджанняў.
Няўжо людзі не даражаць жыццём? Не думаюць пра родных і блізкіх? Прыемна адзначыць, што некаторыя аматары рыбнай лоўлі набылі ратавальныя камізэлькі (дарэчы, іх кошт у нашых магазінах усяго 35 руб.) і ловяць рыбу апранутыя ў іх. Аднак не ўсе.
!Памятайце: захаванне элементарных мер асцярожнасці – залог вашай бяспекі.
Аляксандр ШАРАФУТДЗІНАЎ, старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах.
Алег ДАНІЛОВІЧ, першы намеснік начальніка РАНС.