Районной милиции – 90. Интервью с начальником РОВД Р.К. Бабичем.

Актуалии Закон Официально

На перадавой у барацьбе за правапарадак

Р. К. Бабич

Раённы аддзел унутраных спраў райвыканкама адзначае 90 год з дня свайго ўтварэння.  Менавіта ў жніўні 1920 года было створана Сіроцінскае раённае аддзяленне міліцыі.
І вось 19 жніўня 2010 года, серада. З раніцы з  нагоды юбілею супрацоўнікі міліцыі ідуць на службу ў параднай форме,  ад іх беласнежных сарочак і ўзрушаных позіркаў святлее на вуліцах райцэнтра. А ў Доме культуры рыхтуецца ўрачыстая вечарына. Шмат спраў у гэтую перадсвяточную раніцу ў начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўніка  Рамана Канстанцінавіча  Бабіча. Але ён знаходзіць час зайсці ў рэдакцыю, расказаць аб няпростай міліцэйскай службе. Гутарым.
— Раман Канстанцінавіч, давайце пачнём размову з кароткай характарыстыкі праваахоўнага поля нашага раёна. Ці спакойнае яно, ці не засмечана пустазеллем злачыннасці?
— Сказаць сёння, што мы пад корань вывелі ўсё, як вы сказалі, пустазелле злачыннасці, пакуль не можам. Крадзяжы, бытавая злачыннасць ці тут, ці там ствараюць ачагі супрацьдзеяння закону. Тым не менш, сітуацыя пад кантролем. Міліцыя на варце закону. І гэта не проста лозунг, а паўсядзённая работа, дзякуючы якой у раёне сёлета раскрыты ўсе цяжкія злачынствы (а іх было 14), раскрыта 55% крадзяжоў. Усе службы аддзела ўнутраных спраў накіраваны на сур’ёзную работу.
— Ці не сведчыць узмацненне ролі праваахоўных органаў аб недасканаласці грамадства? Якая тут задача міліцыі?
— Грамадства ніколі не было дасканалым. «Горад сонца» пакуль што пабудаваць не ўдалося. І заўсёды знаходзяцца тыя, хто хоча пажыць за кошт іншых. А сёння мы жывём не ў сярэднявеччы, калі за той жа крадзеж адсякалі руку, а ў гуманным цывілізаваным грамадстве. І задача міліцыі не столькі ў тым, каб караць, а найперш  – каб выхоўваць, весці прафілактычную работу.
—    У гэтай справе немагчыма без самога насельніцтва…
— Безумоўна. Большасць людзей – сумленныя. Разумеюць, што зло трэба высякаць, не даць яму распаўсюдзіцца. Насельніцтва нямала дапамагае нам у раскрыцці злачынстваў. У гэтым годзе мы зрабілі “Крок насустрач” – так называлася акцыя, якая праводзіцца па ініцыятыве начальніка Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёра міліцыі А. Ц. Найдзенкі. У ходзе яе супрацоўнікі міліцыі сустракаліся з жыхарамі райцэнтра. Гэты крок дапамог нам стаць бліжэй да народа, даведацца аб іх праблемах і з падказкі людзей нават раскрыць некалькі крадзяжоў. Дарэчы, акцыя працягваецца, зараз мы працуем у Обалі, потым пойдзем у іншыя населеныя пункты раёна.
— На фарміраванне вобраза міліцыянера, безумоўна, уплывае кінематограф. А на якога персанажа Вы, Раман Канстанцінавіч, марылі быць падобным, калі выбіралі прафесію міліцыянера?
— Сапраўды, фільмы маёй маладосці пра міліцыю – той жа “Месца сустрэчы змяніць нельга” – не маглі не пакінуць след. І, безумоўна, спрыялі фарміраванню ў нас вобраза разумнага, справядлівага, мужнага супрацоўніка міліцыі, які заўсёды перамагае зло.
—    Ці лічыце Вы, што ўлада над іншымі можа нараджаць і такія негатыўныя якасці, як хамства, высакамернасць, жорсткасць? У сувязі з гэтым ці існуе нейкі спецыяльны тэст на маральную ўстойлівасць пры паступленні на службу ў вашы структуры?
— Так, не ўсе вытрымліваюць выпрабаванні ўладай над чалавекам, не кожнаму гэту ўладу можна даць. Таму спецыяльнае тэсціраванне на мэтазгоднасць таго ці іншага чалавека служыць у органах унутраных спраў існуе. Яно праводзіцца пры паступленні на вучобу ва ўстановы МУС пры прыёме на службу і ў час службы.
— Раман Канстанцінавіч, ці адчувае сёння аддзел кадравы дэфіцыт? Ці ахвотна ідзе моладзь на работу ў міліцыю? І ці вырашана кадравая праблема з участковымі?
— Кадравага дэфіцыту не існуе. Але пытанні ёсць. Сёння нам не стае супрацоўнікаў у службе папярэдняга расследавання і ў службе ўчастковых. Моладзь цікавіцца нашай прафесіяй, многія мараць вывучыцца, стаць афіцэрам міліцыі. Але сёння далёка не кожны можа прайсці па сваіх фізічных і маральна-псіхалагічных якасцях. Тым не менш, кожны год мы накіроўваем вучыцца маладых людзей у Акадэмію МУС, у Магілёўскі каледж.
— А як Вы выкарыстоўваеце патэнцыял былых супрацоўнікаў міліцыі, ветэранаў аддзела ўнутраных спраў?
— Ветэраны – гэта наш залаты фонд. Іх вопыт, веданне службы, веданне жыцця – неацэнная дапамога тым, хто прыйшоў на іх месца. Мы актыўна супрацоўнічаем з нашымі ветэранамі, сустракаемся, многія часта заходзяць да нас у аддзел, раяць і канкрэтна дапамагаюць.
— Міліцыянер у нашым уяўленні – той чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, абароніць, дапаможа. Гэты вобраз прадугледжвае не толькі высокія маральныя якасці, але і фізічныя. Колькі часу ў тыдзень у шумілінскіх супрацоўнікаў міліцыі ідзе на фізічную падрыхтоўку? Якія віды спорту Вы лічыце абавязковымі для сябе?
—    Кожны міліцыянер павінен выхоўваць сябе маральна і пастаянна загартоўваць фізічна. Два разы на тыдзень па дзве гадзіны мы займаемся бегам, сілавымі і гульнявымі відамі спорту. Трэніруемся ў спартзале аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, а таксама на стадыёне.
— Некалькі слоў пра кіруючы штаб РАУС. Каму Вы ў дні святкавання 90-годдзя аддзела хочаце публічна сказаць дзякуй?
— Хачу сказаць дзякуй за сумленную службу ветэранам міліцыі, усяму кадраваму саставу аддзела. Персанальную падзяку адрасую першаму намесніку І. А. Шацілу, намесніку начальніка Ю. А. Арлову, начальніку штаба У. І. Ушалу, начальніку следчага аддзялення А. І. Іспянькову, начальніку ізалятара часовага ўтрымання С. А. Асташонку, старшаму інспектару тылавога забеспячэння В. Л. Салабуце, следчай В. Л. Карнавухавай, участковаму інспектару па справах непаўналетніх А. М. Селязнёвай. І, вядома ж, хачу падзякаваць усім сумленным людзям, якія разам з намі змагаюцца за закон і парадак. Хачу пажадаць усім здароўя, поспехаў, спакойнага праваахоўнага поля.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Опубликовано в №64 от 20.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *