Фея лялечак стварала, майстравала , чаравала
Шумілінскі Дом рамёстваў у апошні час часта прэзентуе на раённых мерапрыемствах калекцыю лялек. Упрыгожваюць лялькі розныя святы абласнога ўзроўню.
І заўсёды вылучаюцца сярод іншых: прыгожыя, усмешлівыя, у нацыянальных касцюмах. Адны – з паркалёвага матэрыялу, другія – пап’е-машэ, саломы, але ўсе вельмі ярка перадаюць густ аўтара, яго асаблівае бачанне свету і фантазію.
Лялькі так падобныя да людзей.
Лялькі ў Доме рамёстваў пачалі вырабляць дваццаць гадоў таму, калі стварылі лялечны тэатр «Батлейка». Так атрымалася, што звольніўся спецыяліст, які адказваў за выраб лялек. І за работу ўзяліся Ірына Загвоздава, якая на той час была кіраўніком «Батлейкі», і Вольга Загвоздава, сённяшні кіраўнік студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына». Абедзве валодалі азамі швейнага майстэрства, багатай фантазіяй, што і трэба было для творчасці. Адна за адной з’яўляліся на свет лялькі, неабходныя для спектакляў: Гаспадыня, Расказчыца, Маша, Алёнка, Дзед, Мядзведзь…Для іх вырабу выкарыстоўвалі сінтэпон, які перапляталі ніткамі, паркаль, шоўк, пенапласт, кардон і іншыя матэрыялы. Кожная лялька перадавала характар чалавека, яго светапогляд і нават міміку.
Таму правільна кажуць, што лялькі так падобныя на людзей. А яшчэ яны перадаюць цікаўнасць і захапленне свайго аўтара.
Напрыклад, Вользе Загвоздавай падабаецца рэгіянальны строй, таму яе Бабкі заўсёды ў нацыянальных касцюмах.
Зараз «Батлейку» ўзначальвае Ларыса Аўдошка– таленавітая, цікаўная, яркая, з бязмежнай фантазіяй і мноствам ідэй. І да батлеечных лялек, якіх каля сотні, дадаліся новыя сучасныя. «Выраб новага персанажа вызначае спектакль, які будзем паказваць, – кажа Ларыса. – Ад гэтага залежаць рысы характару лялькі, выражэнне твару, нават колер валасоў і адзенне. Напрыклад, калі ў спектакль “Бабіна навука” мы дапісалі сцэнарый, то дадалі і новага героя Барана, апранутага ў рваныя джынсы. Быццам бы і сучасна, але ж такое адзенне падыходзіць не да кожнага выпадку – тут і смешна, і павучальна. Ёсць такія лялькі, якія выкарыстоўваюцца толькі ў адным спектаклі, напрыклад, Ямеля. А ёсць універсальныя, такія, як Расказчыца. Некаторыя ўжо “пайшлі на пенсію” і знаходзяцца ў кладоўцы. Увогуле пры вырабе лялек я асаблівую ўвагу надаю твару. Мае лялькі насатыя, гэтым і вылучаюцца сярод іншых. Выкарыстоўваю звычайнае пап’е-машэ і ватнае, грунтаваны тэкстыль, лялечны пластык і падручныя матэрыялы».
У батлеечнай калекцыі таксама ёсць лялькі ўдзельніцы студыі майстроў «Спадчына» Кацярыны Барабанавай і метадыста па шматковай тэхніцы Яўгеніі Шарыпавай.
Аўтарскія лялькі
Мастацтва аўтарскай лялькі параўнальна новае, але ўжо знайшло сваё прызнанне. У яго ўкладвае часцінку сваёй душы ўдзельніца студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына» Кацярына Барабанава. На выставе ў Доме рамёстваў каля двух дзясяткаў яе аўтарскіх лялек. Кожная з іх непаўторная і ў адзіным экзэмпляры. Кожная перадае эмоцыі, настрой, адчуванні самога аўтара, іх проста немагчыма паўтарыць. Кацярына выкарыстоўвае розныя змешаныя тэхнікі, у ход ідуць спадручныя матэрыялы: дрэва, гербарый, каралі, вышыўка. Каб зрабіць адной з гераінь гумавыя боцікі, спатрэбіўся нават паветраны шарык.
Усе лялькі розныя, як і людзі. Адна задуменная, другая – летуценніца, трэцяя – сур’ёзная. Кацярына Барабанава гэтак жа творча падыходзіць і да прыдумвання назвы лялек: «Матуліна шчасце», «Госця з мінулага», «Летуценніца». Калі стварала «Дзеўку на выданні», апранула яе ў рэгіянальны касцюм з вышыўкай, дапоўніла кляновымі лістамі і яблыкамі – як пацвярджэнне таго, што вяселлі звычайна спраўлялі восенню, пасля збору ўраджаю.
Работа ў майстра карпатлівая і марудная. Трэба прадумаць вобраз, многа часу ідзе на работу над тварам, целу, рукам і нагам варта прыдаць патрэбную форму. І абавязкова не забыць пра бровы, вусны, валасы, вейкі, пра заколкі і каралі. Над некаторымі лялькамі аўтару прыходзіцца працаваць каля месяца. Затое якое потым атрымліваеш задавальненне, калі ўсё атрымалася!
«Фея лялечак стварала, майстравала, чаравала». Гэтыя словы смела можна аднесці да майстра па саломапляценні Дома рамёстваў Наталлі Сцержанковай. Больш за дзесяць гадоў яна вырабляе саламяныя лялькі. Сыравіну для работы нарыхтоўвае на палетках раёна, сочыць, калі яна дойдзе да патрэбнай кандыцыі. Жаць сярпом жыта і трыцікале (гэтая сыравіна лепш падыходзіць для вырабу лялек) дапамагаюць калегі, нарыхтоўваюць да трыццаці снапоў. У Наталлі свой почырк майстра – яна выкарыстоўвае салому толькі натуральных колераў, не прымяняе фарбы. Калі патрэбны не залацісты колер, а карычневы, прасуе салому. У большасці лялек твар робіць з дрэва. А размалёўвае яго “мастак твару” Вольга Загвоздава. Лялькі атрымліваюцца з жывымі вачыма, мілавідныя і ўсмешлівыя. Непадобныя адна на адну.
Наталля Сцержанкова вырабляе таксама саламяныя абярэгі – лялькі-пяціручкі. Глядзіш на іх і разумееш, колькі работы трэба паспець зрабіць па гаспадарцы маці, асабліва мнагадзетнай.
Сувенірныя лялькі
Работнікі Дома рамёстваў пастаянна прымаюць удзел у розных выставах-продажах. Для гэтай мэты вырабляюць сувенірныя лялькі. Большасць з іх стварыла Яўгенія Шарыпава. Гэта як інтэр’ерныя і рэгіянальныя лялькі, так і народныя ці аб-радавыя. Раней лічылася, што лялька-абярэг павінна быць у кожнай хаце: для дзяўчынак – лялька Жаданніца, для гаспадынь – Зярнушка (унутры яе насыпалі зерне, якое там захоўвалася да наступнай сяўбы). Лялькі Траўніцы захоўвалі ў сабе розныя карысныя травы – для заспакаення, добрага сну. Анучныя (тряпичные – рус.) лялькі звычайна шылі для малых дзетак. Да гэтай калекцыі можна аднесці таксама вязаныя лялькі метадыста па маляванні Наталлі Салабуты.
Лялькі ў рэгіянальных касцюмах
У Доме рамёстваў ёсць некалькі лялек у нацыянальных рэгіянальных касцюмах, якія апраналі раней на Шуміліншчыне. Аўтарам такіх лялек, на выраб якіх выкарыстоўваецца розны матэрыял і розныя тэхнікі, з’яўляецца зноў жа Вольга Загвоздава. Яна чаруе над лялькамі-жанчынамі і лялькамі-мужчынамі. Апранае іх у рознае адзенне: паўсядзённае і святочнае, якое апраналі, напрыклад, на Каляды. Праўда, для такіх касцюмаў патрабуецца рэгіянальная вышыўка – ёй займаецца ўдзельніца студыі майстроў «Спадчына» Таццяна Асадчая.
Ларыса ЗАЙЦАВА.